«Не чувствую себя особенной». Первым ребенком 2000 года в Орше стала Ксения Сосновская

Заўтра Ксеніі Сасноўскай споўніцца 20 гадоў. Яе маці Алена Мікалаеўна прызнаецца, што чакала другую дачку крыху пазней – 4-5 студзеня. Але Ксюша вырашыла стаць першай нованароджанай 2000 года ў Оршы.

Знайсці Ксенію і Алену Сасноўскіх дапамаглі нашы старонкі ў сацыяльных сетках. Пасля размовы з мамай адшукалі ў рэдакцыйным архіве падшыўку за 2000 год. У першым нумары чытаем пра першае дзіця: “…нарадзілася 1 студзеня ў 11 гадзін 30 хвілін. Гэта здаровенькая дзяўчынка вагой 3 350 грамаў, рост 56 сантыметраў”. Алена Мікалаеўна ўспамінае, што ў той дзень нарадзіла толькі яна. Аршанка спадзявалася сустрэць Новы год з сям’ёй, але трэцяе тысячагоддзе напаткала яе ў радзільным доме.
Зараз Ксенія вучыцца на сацыяльнага педагога ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Аршанка расказвае, што знаёмыя здзіўляюцца, калі чуюць яе дату нараджэння. “Пра мяне і іншых нованароджаных пісалі ў газетах, казалі, што мы асаблівыя. Але я сябе асаблівай не адчуваю, – усміхаецца дзяўчына. – Новы год і дзень нараджэння – гэта два святы, мы адзначаем кожнае з іх. І падарункаў абавязкова два. Мой дзень нараджэння святкуем увечары 1 студзеня. Так, сабраць сяброў і родных у першы дзень года бывае складана. Але я рада, што нарадзілася не 31 снежня – лепш свята за святам, чым два святы ў адзін дзень”.

Марына СЯМАШКА.