Умелыя рукі і шчырыя сэрцы

Прыгожым аздабленнем многіх дамоў па вуліцах Задняпроўскай і Сямёнава, у тым ліку дома № 21 па вул. Сямёнава, ганарацца не толькі яго жыхары, але і дэпутат Аршанскага гарадскога Савета, дырэктар гімназіі №1 Наталля Пятроўна Кохава. Падчас правядзення свята свайго мікрараёна яна адзначыла вялікі ўклад у добраўпарадкаванне грамадскіх тэрыторый актывістак Валянціны Жырдзецкай, Алены Ларчанка, Галіны Смародзінай і Валянціны Шпунцянковай. Дзякуючы клопатам гэтых жанчын і іх шматлікіх добраахвотных памочнікаў двары многіх дамоў першага мікрараёна “заселены” кветкамі.

Пра Валянціну Аркадзьеўну Шпунцянкову можна смела сказаць: добраўпарадкаванню свайго дзевяноста­кватэрнага дома №21 на 8 пад’ездаў па вуліцы Сямёнава яна прысвяціла не адзін год жыцця. Трэба адзначыць, намаганні руплівай гаспадыні не прападаюць дарма. Чысціня і парадак, прыгожыя кветнікі вабяць вока жыхароў навакольных дамоў і выпадковых прахожых, а ў Валянціны Аркадзьеўны з’явілася шмат памочнікаў. Перш за ўсё, у сваім доме. Гэта сем’і Зіньковіч, Духалавых і Селіханавых. Не зважаючы на ўзрост і род заняткаў, на пасадку, паліў і праполку кветнікаў выходзяць многія жыхары.

Сярод іх інвалід Вялікай Айчыннай вайны, 80-гадовая Валянціна Мікалаеўна Віткоўская, Марыя Платонаўна Кузьміна, Франя Анісімаўна Цітова, Тамара Мікалаеўна Корсакава, Вольга Якаўлеўна Дудкова, Раіса Пятроўна Пульянава, Валянціна Жыдзік, дворнік Ніна Грачыха, якая, апрача сваіх непасрэдных абавязкаў, шмат дапамагае энергічным жыхарам дома.

Чым жа адметны гэты аршанскі дворык? Напэўна, тым, што на маленькім кавалачку зямлі ўмясціліся прадстаўнікі флоры і фаўны з розных кантынентаў. Пад разголістымі бярозамі вачам прахожага адкрываецца афрыканская пальма, а ў вышыні, над імправізаваным калодзежам, лунае сімвал Беларусі – бусел. Неверагодныя і прыгожыя фантазіі Валянціны Аркадзьеўны знайшлі адлюстраванне і ў пад’ездзе, на пляцоўцы пятага паверха, дзе зноў яе любімы буслік, рэпрадукцыі карцін на сценах і сурвэткі на століку. Дарэчы, кожная пляцоўка намаганнямі жыхароў мае “ўласны” твар. Тут фіранкі на вокнах, шмат кветак, стракатыя дыванкі пад нагамі. Месца пад сонцам, а, дакладней, пад вокнамі кватэр, рупліўцам з 21-га дома сёння ўжо мала, і яны пакрысе перабраліся за дом, бліжэй да гаражных збудаванняў. Сёння тут палоска кветак, якая на радасць Валянціне Шпунцянковай штодзень расце ўдоўж і ўпоперак.

Любоў да парадку і чысціні, пашырэнне межаў кветкавай палітры за кошт выдумкі і ўстаноўкі на ўчастку малых формаў уласнага вырабу зрабілі сваю справу. На працягу трох гадоў гэты дом выходзіць пераможцам у гарадскім конкурсе па добраўпарадкаванні, толькі вось Валянціна Аркадзьеўна і не думае супакойвацца. Яе запаветная мара – зрабіць горад квітнеючым садам. Задача складаная, але ажыццявімая, бо з кожным разам тых, хто бярэ прыклад з такіх, як яна, становіцца ўсё больш. Гаспадарлівым і руплівым аршанцам хочацца пажадаць плёну ў творчасці і здзяйснення планаў, бо ўсё, што вырабляюць іх умелыя рукі, ідзе ад шчырага сэрца.

Ліна ГАТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

НА ЗДЫМКУ (злева направа): Валянціна Шпунцянкова і Галіна Зіньковіч.

Добавить комментарий