“Айчына ў небяспецы” –

27 чэрвеня – Дзень вызвалення Аршаншчыны

гэты кліч да савецкага народа 22 чэрвеня 1941 года знайшоў гарачы водгук у сэрцах аршанцаў.

Тысячы людзей, працаўнікоў заводаў і фабрык Оршы, калгаснікаў, моладзі, у першы дзень вайны прыбылі на прызыўныя пункты, каб узяць у рукі зброю і выступіць на абарону маці-Радзімы. Іх месцы ля станкоў, у цэхах, на калгасных палетках занялі жанчыны, старыя, падлеткі.

Неўзабаве па вуліцах горада, па яго ўскраінах, ля прамысловых аб’ектаў пайшлі ўзброеныя людзі з чырвонымі павязкамі на руках. Гэта былі знішчальныя группы, якія ствараліся з тых, хто пакуль заставаўся немабілізаваным. Байцы-знішчальнікі вялі барацьбу з фашысцкімі парашутыстамі, дыверсантамі, шпіёнамі. У горадзе былі створаны два знішчальныя батальёны, якія неслі патрульную службу, ахоўвалі аб’екты, выраблялі для рэгулярных часцей бутэлькі з запальнай вадкасцю для барацьбы з варожымі танкамі.

На подступах да Оршы дзень і ноч на ўзвядзенні супрацьтанкавых ірвоў і іншых абарончых збудаванняў працавалі каля 20 тысяч чалавек. Працавалі без адпачынку па 14-16 гадзін у суткі з адным жаданнем – спыніць лютага ворага.

Асабліва напружана працавалі чыгуначнікі вузла. Калектыў паравознага дэпо адразу ж перайшоў на казарменнае станові­шча. За двое сутак былі пастаўлены ў строй дзеючых усе наяўныя лакаматывы. Нават у час бамбёжак паравознікі не адыхо­дзіліся ад станкоў, акрамя тых, хто займаў сваё баявое месца ў барацьбе з запальнымі бомбамі, пажарамі.

Працуючы ў прыфрантавой зоне, машыністы-аршанцы паказвалі сапраўдную мужнасць. Так, Сідар Півавараў узяў са Смаленска наліўны састаў і вёў яго да лініі фронта, дзе паліва чакалі савецкія самалёты, танкі. І вось з-за аблокаў выкаўзнуўся, бы коршун, нямецкі самалёт. Выбух – і ў сярэдзіне састава загарэлася адна з цыстэрнаў. Машыніст не разгубіўся, а пачаў выратоўваць каштоўны груз.

Вось адчэплены ад б’ючай жарам цыстэрны спачатку пярэднія, затым заднія цыстэрны. Тлее вопратка, полымя балюча апякае твар і рукі. Але Сідар Півавараў выратоўвае і дастаўляе да месца прызначэння паўтары тысячы тон нафтапрадуктаў.

Васіль Радзюк вёў састаў з тэхнікай і нашымі байцамі. Непадалёку ад станцыі Слаўнае сустрэўся з ворагам. Нямецкі пілот пашкодзіў лакаматыў, быў паранены і Васіль Радзюк, які не пакінуў свайго баявога паста і моцна трымаў рэверс, пакуль поезд не быў пастаўлены пад разгрузку. Толькі потым дазволіў санітарам аказаць сабе першую дапамогу і накіраваць у шпіталь.

Мікалаю Рыгоравічу Джонсу было даручана адвесці на ўсход састаў паравозаў і некалькі вагонаў з боепрыпасамі. Ля станцыі Веліна яго пачалі бамбіць некалькі фашыцкіх самалётаў. Але Мікалай Рыгоравіч працягваў весці састаў наперад. Вакол узнімаліся слупы ўзрываў, звінелі асколкі, а машыніст не здаваўся. Так ён выратаваў трынаццаць лакаматываў.

Па матэрыялах “У Аршанскім падполлі”
Я. КРАШАНІННІКАВА.

Добавить комментарий