На Аршаншчыне ідзе Тыдзень памяці Уладзіміра Караткевіча

Штогод у Аршанскім музеі У. С. Караткевіча праходзіць Тыдзень памяці знакамітага аршанца, класіка беларускай літаратуры, заснавальніка жанру гістарычнага дэтэктыву, паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста і казачніка, сапраўднага рыцара беларускай літаратуры – Уладзіміра Караткевіча.

Падчас тыдня адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне культурнай спадчыны пісьменніка і паэта: літаратурныя чытанні “Быў. Ёсць. Буду”, прэзентацыя кніг аршанскіх паэтаў – удзельнікаў народнага літаратурнага аб’яднання “Дняпроўскія галасы”, паказ анімацыйных фільмаў па казках Уладзіміра Караткевіча ў музейнай кіназале; шэраг цікавых публікацый у сацыяльных сетках музея, прысвечаных жыццю і творчасці Уладзіміра Караткевіча.

Аршанскі музей У. С. Караткевіча

У Тыдні памяці прымаюць удзел члены народнага літаратурнага аб’яднання «Дняпроўскія галасы», удзельнікі клуба паэзіі «Натхненне», навучэнцы ўстаноў адукацыі горада Оршы, а таксама прыхільнікі творчасці знакамітага пісьменніка.



Традыцыйна ў дзень нараджэння У. Караткевіча 26 лістапада ў 11.00 у гарадскім дзіцячым парку “Казачная краіна” каля помніка пісьменніку адбудуцца літаратурныя чытанні “Быў. Ёсць. Буду”. Запрашаем усіх прыхільнікаў творчасці класіка.

Падрыхтавала В. ЦІХАНАВА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.