Салдатам Бацькаўшчыны прысвячаецца

Вайна не абмінула нікога. Нават тых, хто зброю ў руках не трымаў. А таму і ў святочным рознагалоссі варта часам суцішыцца, памаўчаць. І падумаць. І зразумець…

З дзяцінства пры выглядзе ветэранаў з медалямі на грудзях у мяне ўзнікае трапяткое пачуццё павагі і доўгу перад імі. Дзякуючы Перамозе над гітлераўцамі, беларусы захаваліся як нацыя. Лічу, што Дзень Вялікай Перамогі – адно з самых галоўных святаў нашага календара. 9 Мая для кожнага з нас з’яўляецца яркім і вечным увасабленнем гераічнага мінулага беларускага народа ў барацьбе за свабоду і незалежнасць нашай Айчыны, сімвалам гераізму і мужнасці, воінскай доблесці і патрыятызму, надзеі і аптымізму для будучых пакаленняў. Жыццё кожнага ветэрана з’яўляецца яскравым прыкладам беззапаветнай любові і адданасці Айчыне, узорам для падрастаючага пакалення. І гэта не проста прыгожыя словы.

Калі падчас урачыстага мітынгу я чую песню “Дзень Перамогі”, бачу ветэранаў, адразу слёзы засцілаюць вочы і ўзнікае пачуццё гонару за сваю краіну і глыбокай павагі да ўсіх, хто праліваў кроў дзеля нашага сённяшняга мірнага жыцця. Я лічу, што ўспамінаць пра гэта трэба не адзін раз на год, а памятаць заўсёды!

Наўрад ці знойдзецца сям’я, якую б не закранула полымя Вялікай Айчыннай. А значыць, ніколі не зарасце сцяжынка да магіл загінуўшых. І вельмі цудоўна, што светлы Дзень Перамогі аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пакаленняў. Радасць свеціцца ў вачах і дзяцей, і дарослых. А яшчэ – бязмежнае пачуццё гонару за наш мірны край, за сінявокую Беларусь і за людзей, якія змаглі абараніць краіну ад ворагаў. Вечная слава нашым ветэранам і вечная памяць загінуўшым!

У Беларусі цяпер жыве каля 35 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Якое ж гэта шчасце – жыць пад мірным небам, не ведаць жахаў вайны!

К. КАРНЯЛЮК.

Добавить комментарий