Прызванне

Сяргей Голешаў

Якія толькі справы не знаходзіў сабе Сяргей Голешаў за сорак год жыцця, доўга шукаў сваю прафесію, усюды працаваў  добрасумленна. Але вось толькі зараз вырашыў стаць самім сабой, рабіць тое, да чаго прагне яго шырокая і творчая натура.

І, трэба адзначыць, не памыліўся. Сёння праца майстра-кераміста ў полі зроку шматлікіх аматараў вырабаў з керамікі, вытворчасць якой наладжана на ААТ “Оршабудматэрыялы”. І няхай сабе разам з летам настаў будаўнічы сезон, і працы ў вытворцаў блокаў з ячэістага бетону прыбавілася, усе ведаюць, што прафесія гэтага чалавека прадпрыемству таксама неабходна.

Справа ў тым, што на ААТ “Оршабудматэрыялы” беражна захоўваюць народнае рамяство – ганчарства. Работнікі ганарацца, як бы цяжка ні было, а мо, часам, і накладна ўтрымоўваць свой невялічкі філіял – мастацкую майстэрню па вытворчасці керамічных вырабаў, што спакон веку месціцца ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна, але ганчарныя кругі  там ніколі не спыняліся.

Сёння тут будуецца новы Дом народных рамёстваў, які ў хуткім часе, па заканчэнні работ, стане ў Копысі сапраўдным культурным цэнтрам. Вернуцца туды і ўсе народныя ўмельцы, якія зараз пайшлі ў часовы адпачынак. На Сяргея Голешава ўскладзена задача –  захаваць агеньчык у абпальнай печы. Для працы абсталявалі невялічкі пакой на тэрыторыі прадпрыемства ў Оршы, дзе ён і займаецца творчасцю.

На працоўным стале майстра – сувенірныя гарлачыкі, гліняны посуд. Але больш за ўсё яму ўдаюцца скульптуры паркавай архітэктуры – вясёлыя і забаўляльныя твары сапраўдных казачных герояў, магчыма, выдуманых самім керамістам. Гатова да абпалу і серыя новых гліняных сувеніраў з вобразамі вясёлых простых людзей і хатніх жывёл, з ёмістасцямі для захоўвання алоўкаў. Вырабляе ён іх без усялякіх эскізаў. Бярэ кавалак гліны і, як толькі пальцы кранаюць матэрыял, пачынаецца сапраўднае дзейства. Пакуль зробіць гатовую скульптуру, бывае, нават, усё жыццё разам з гэтым вобразам перажыве, будзь гэта вясковы мужычок, які грае на дудцы, ці раскормлены дбайнай гаспадыняй кот, згадываючы пра поўны сподак смятаны.

Лепіць з гліны Сяргей з маленства. Свае работы заўсёды ствараў для блізкіх і сяброў, зараз стараецца зрабіць паболей вырабаў для роднага прадпрыемства, на якім працуе вось ужо пяць год. Сяргей кажа, што ў яго сям’і ўсе любяць творчасць. Маці Марыя Малахаўна Голешава – пенсіянерка, але яна ўсё жыццё складае вершы, некаторыя з якіх апублікаваны ў “Аршанскай газеце”. Брат Аляксандр – індывідуальны прадпрымальнік, мае сваю майстэрню, дзе самастойна вырабляе тавары з металу. Сваіх родных Сяргей далучае да шчаслівых людзей, а зараз і сябе, бо займацца любімай справай – гэта сапраўднае задавальненне.

Л. ЛЮДМІНА

Фота аўтара

Добавить комментарий