Ах, Беларусь, зялёны край

“Беларусь – гэта незвычайнай прыгажосці край”, – гэтыя словы Пелагеі Васільеўне Платонавай прыходзілася чуць неаднойчы ад раненых салдатаў, якіх яна выходжвала ў Казахстане, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў адкрыты шпіталь. “Што гэта за дзіўны край і ці пашчасціць мне калі-небудзь яго ўбачыць?” – часта задавала сабе такія пытанні Пелагея Васільеўна.  І каб хто сказаў тады, што, безумоўна, зможа, і не толькі ўбачыць, але і пажыць на Беларусі, не паверыла б.

Тым не менш, лёс яе склаўся менавіта так. Ужо амаль дзесяць гадоў жыве Пелагея Васільеўна Платонава разам з дачкой на Аршан-шчыне.

А родам яна з Ліпецкага раёна Тамбоўскай вобласці. Пелагеі Васільеўне было ўсяго сем гадоў, калі ўсю сям’ю Платонавых, а акрамя яе ў бацькоў было яшчэ пяцёра дзяцей, саслалі ў Казахстан за тое, што бацька адмовіўся ўступаць у каўгас… Чыстыя голыя стэпы, якія і да гэтага часу добра памятае Пелагея Платонава, неаднойчы паўстаюць перад вачамі. Тут, у зямлянках, якія прыйшлося рабіць самім, і пачыналася новае жыццё для сям’і Платонавых. У хуткім часе на тэрыторыі іх пасялення пабудавалі невялічкую школу і 8-гадовая Пелагея пайшла ў першы клас.

Дзевяць класаў Пелагея закончыла з добрым атэстатам, таму вырашыла ехаць у Алма-Ату і паступаць у тэхнікум сувязі. Экзамены юная дзяўчына вытрымала на вышэйшым узроўні і была залічана на першы курс, але правучыцца ў абранай навучальнай установе паспела толькі год. Вялікая Айчынная вайна ў адзін момант перакрэсліла студэнцкія гады Пелагеі Платонавай.

На фронт яна не трапіла, як не трапіў туды ніхто з яе аднакурснікаў, такіх на баявыя дарогі не бралі, а адразу напраўлялі дадому. У Казахстане Пелагея Васільеўна закончыла школу харчаблока, працавала таваразнаўцам, была і загадчыцай аддзела харчаблока. Потым перайшла на завод горна-шахтавага абсталявання, дзе працавала доўгія гады. Яшчэ ў 1946 годзе выйшла замуж.

Калі ў Казахстане быў арганізаваны так званы цягнік міласэрнасці, Пелагея Платонава, доўга не думаючы, вырашыла далучыцца да яго пасажыраў. На ім і прыехала Пелагея Васільеўна ўжо на цяпер родную ёй Аршаншчыну, і жыве яна сёння ў Арэхоўску.

“Сказаныя мне аднойчы словы пра беларускі край пацвердзіліся, як толькі я ўбачыла Беларусь, – прызналася пры размове Пелагея Васільеўна Платонава. – І я вельмі рада, што маю магчымасць жыць менавіта ў гэтай краіне”.

А. ШУРДУКОВА

Ах, Беларусь, зялёны край: 1 комментарий

  • 29.06.2010 в 12:01
    Permalink

    Живой материал получился!

Добавить комментарий