БЛІЗКІЯ СЭРЦУ МЯСЦІНЫ

У канцы 50-х – пачатку 60-х гадоў наш калгас імя Дзяржынскага ўзначаліў новы старшыня – Лука Адамавіч Кавалёў. Гэта быў ініцыятыўны, клапатлівы чалавек, ён часта заходзіў у хаты калгаснікаў, проста гутарыў з імі. Луку Адамавіча ўсе вельмі паважалі.

Ён пабудаваў у нашай вёсцы прыгожы для таго часу дом – у яго была вялікая сям’я, трое дзяцей, жонка працавала настаўніцай пачатковых класаў. Менавіта Лука Кавалёў пачаў падбор у калгас адукаваных кадраў. Па яго прапанове ў гаспадарцы быфў пабудаваны невялікі льнозавод, які зімой даваў заробак многім сяльчанам. Пры ім калгас імя Дзяржынскага пачаў вылучацца сярод іншых гаспадарак.

Працуючы ў 1961-63 гадах у калгасе, я была абрана сакратаром камсамольскай арганізацыі, у якой тады налічвалася больш за 25 чалавек. У цэнтры калгаса пабудавалі новы клуб – гэта быў не сучасны Дом культуры, які сталі будаваць значна пазней, а толькі новы цагляны будынак з невялікай залай, кіношнай будкай ды пакоем для бібліятэкі. Але мы, моладзь, ніяк не маглі дачакацца, калі ён пачне працаваць, таму вечарамі, у выхадныя дні, самі ўцяплялі столь, бялілі сцены, убіралі смецце вакол будынка. Гэты клуб працуе і сёння.

У 1999 годзе ў рамках абласной комплекснай экспедыцыі “Наш край” раённы дзіцячы цэнтр пры раа, якім я тады кіравала, аб’явіў сярод школ раённы конкурс на лепшае паданне, легенду аб назвах сваіх вёсак, у выніку чаго былі сабраны цудоўныя матэрыялы пра сорак вёсак, але, на жаль, у гэтым спісе не было маёй малой Радзімы.

Пасля заканчэння пачатковай школы ўсе дзеці нашай вёскі сталі вучыцца ў Якаўлевіцкай СШ. Хадзілі пешшу за 5 км праз лес і поле. Школьныя аўтобусы тады не падвозілі. У той час дырэктарам школы быў Пётр Нічыпаравіч Абушкевіч, вельмі паважаны ва ўсім наваколлі педагог – настаўнік хіміі. У канцы 60-х гадоў ён атрымаў высокае званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”. Разам з ім працавалі прафесіяналы сваёй справы: Кацярына Якаўлеўна Магерава, Яфрэм Вавілавіч Лобчанка, Павел Еўдакімавіч Раманоўскі, Леў Рыгоравіч Кучынскі, Уладзімір Нічыпаравіч Купчын, Настасся Яфімаўна Астахава і многія іншыя. Настаўніца, якая навучыла нас нямецкай мове, Надзея Мікалаеўна Казлова, і сёння жывая. Ей 93 гады, жыве яна ў Мінску, у сына.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №43 за 16 апреля 2013 года).

В. КАПЧЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий