ОРША – ГОРАД КУЛЬТУРЫ І МАСТАЦТВА

Наш горад наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Разам з начальнікам упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Пашынскім, старшынёй Аршанскага гарадскога Савета дэпутатаў Людмілай Дабрынінай і начальнікам аддзела культуры гарвыканкама Ганнай Святловай ён пабываў у музеі Ул. Караткевіча, дзіцячай бібліятэцы У. Караткевіча, калегіуме Іезуітаў, Куцеінскім манастыры.

Візіт міністра культуры ў Оршу адбыўся невыпадкова. Па-першае, Паўлу Паўлавічу было цікава пазнаёміцца з інфраструктурай сферы культуры нашага горада, бо, па яго словах, тут выкарыстоўваюцца ўсе магчымасці, каб жыхары і госці Оршы змаглі атрымоўваць асалоду ад культуры і мастацтва. Другая мэта візіту – гэта падрыхтоўка да юбілею з дня нараджэння творца, які ўнёс непаўторны ўклад у беларускую літаратуру, Уладзіміра Караткевіча. Таму першым аб’ектам, які наведаў міністр культуры Беларусі, стаў музей Ул. Караткевіча, дзе яго чакала цікавая экскурсія. Некаторыя моманты з біяграфіі і творчасці пісьменніка яго зацікавілі і ўразілі настолькі, што ён пакінуў у кнізе водгукаў такія словы: “Паважаныя сябры! Дзякуй вам за захаванне нашай культурнай спадчыны. Цяжка ўявіць беларускую культуру без Уладзіміра Караткевіча, без яго глыбіннай творчасці. Ул. Караткевіч аказаў неацэнны ўплыў на маю свядомасць як беларуса. Дзякуй яму, бо ён сапраўдны сын свайго народа, нашага беларускага народа”.

Наведаўшы галерэю В. Грамыкі, Павел Латушка зазначыў: “В. Грамыка знаходзіцца ў шэрагу тых, хто ствараў сучасную школу выяўленчага мастацтва Беларусі, і вельмі важна, што тут, у Оршы, захоўваюць гэту спадчыну, што заслугоўвае вялікай пашаны, бо без культурнага пласта нельга гаварыць аб развіцці дзяржавы, краіны, народа”.

У інтэрв’ю з журналістамі Павел Латушка расказаў аб сустрэчы з міністрамі культуры Расіі і Украіны, на якой ішла размова аб далейшай зацікаўленасці трох краін удзельнічаць у Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, аб планах закрыцця года беларускай культуры ў Расіі, які сёлета там праходзіць, і правядзенні дзён культуры Беларусі ва Украіне.

Міністр культуры таксама сустрэўся са старшынёй Аршанскага гарвыканкама Мікалаем Лісоўскім і выразіў упэўненасць, што сфера культуры ў Оршы будзе актыўна развівацца і надалей, а таксама падтрымаў ідэю правядзення ў Оршы шырокамаштабных мерапрыемстваў, прысвечаных да Дня міру, з удзелам гарадоў-пабрацімаў. Павел Латушка прапанаваў падрыхтаваць экспазіцыю да святкавання юбілею У. Караткевіча ў Кіеве, унесці прапанову ў праект культуры Беларусі на 2010-2015 гады аб адраджэнні Куцеінскай лаўры.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий