Зярнятка да зярнятка – вялікі каравай

Апошнія жніўныя дзянькі – былі самыя напружаныя, бо трэба паспець у адпаведныя тэрміны завяршыць уборку ўраджаю. Пачуццё саперніцтва на хлебнай ніве не дазваляла нікому здаваць набраных тэмпаў.  Адметна, што побач з вопытнымі камбайнерамі  рашуча да фінішнай стужкі  ішла і моладзь.

Маладзёжны экіпаж ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” ў складзе Аляксея Парчэўскага і Ігара Клімянкова, якія ў апошнія жніўныя дні дапамагалі ва ўборцы ўраджаю ІП “Штотц Агра-Сервіс Міцькаўшчына”, зноў прымаў віншаванні. Яны першымі на Віцебшчыне сярод маладых хлебаробаў намалацілі тысячу тон зерня, а 8 жніўня таксама першымі ў вобласці дасягнулі  паўтаратысячнага рубяжу.

З гэтай нагоды ў госці да пераможцаў прыехалі начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Кузьмянкоў, каб уручыць ім Ганаровыя граматы, каштоўныя падарункі, падзякаваць за выдатную працу.

Сціплая цырымонія ўшанавання хлебаробаў адбылася  ў полі, але гэты прыемны момант, па словах Аляксея і Ігара, стане для іх самым запамінальным і ўрачыстым. Іх  перапаўнялі пачуцці радасці і годнасці, калі Валерый Віктаравіч і Аляксандр Яўсеевіч гаварылі ў іх адрас прыемныя словы, жадалі з поспехам і перамогай завяршыць жніво. Хлебаробы, у сваю чаргу, паабяцалі, што пастараюцца апраўдаць аказаны ім давер, бо да яшчэ  аднаго рэкорда, двух тысяч тон, ім заставалася зусім мала. Так яно і атрымалася. На 16 жніўня Аляксей Парчэўскі і Ігар Клімянкоў намалацілі 2013 тон зерня і сталі абсалютнымі лідэрамі сярод маладзёжных экіпажаў Віцебшчыны на сёлетнім жніве.

У чарговы раз Аляксея і Ігара павіншавалі старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК А. Кузьмянкоў, начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Ала Лаута, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Мурашка.

Сярод лідэраў уборачнай кампаніі аказаўся і  малады вадзіцель СВК “Новая зара” Дзмітрый Карабанаў, які першы сярод сапернікаў Віцебскай вобласці перавёз 1000 тон зерня. Такі “баявы” тэмп работы на жніве Дзіма ўтрымлівае не ўпершыню. У мінулым годзе ён таксама быў адным з лепшых. Старшыня гаспадаркі Святаслаў Чэрнікаў задаволены працай і сур’ёзнымі адносінамі да справы маладога вадзіцеля, характарызуючы яго як вельмі адказнага і добрасумленнага чалавека. Дзмітрый Карабанаў таксама атрымаў Ганаровую грамату і каштоўны падарунак ад аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Н. ТУРОК

Добавить комментарий