Жизни двух любителей подледной рыбалки сохранили оршанские спасатели

спасатель

Іван Карманаў

Хадзіць па тонкім вясеннім лёдзе – усё роўна, што гуляць на краі бездані. Выратавальнікі б’юць у набат і заклікаюць аматараў зімняй рыбалкі задумацца аб сваёй бяспецы. Але экстрэмалаў не пужае ні ломкі лёд, які яшчэ застаўся на азёрах, ні нават магчымасць трапіць у водны палон, выбрацца з якога самому амаль немагчыма… Пакуль людзі так абыякава ставяцца да ўласнага жыцця, такога ж крохкага, як і лёд вясной, трагедый не пазбегчы. Супрацоўнікі МНС могуць расказаць не адну гісторыю, як людзі ахвотна ступаюць на тонкі лёд насустрач небяспецы і становяцца ахвярамі вады. На мінулым тыдні бяда здарылася на Аршаншчыне.

пожарные

А. Палякоў і Ю. Міначкін.

У пятніцу, 14 сакавіка, у 14.20 у Аршанскі гаррайаддзел па надзвычайных сітуацыях паступіў сігнал: на возеры Вялікае Арэхаўскае ля г. п. Арэхаўска тоне чалавек. Праз дзесяць хвілін да вадаёма пад’ехалі прапаршчык унутранай службы начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №18 Іван Карманаў (на здымку) і вадзіцель старшы сяржант унутранай службы Аляксандр Лаўнікаў. Але недарэмна возера назвалі Вялікім Арэхаўскім: яго плошча сапраўды немалая, і гэта значна ўскладняла працу выратавальнікаў. Аказалася, што чалавек тануў на другім канцы возера.
На шляху Івана Генадзьевіча і Аляксандра Міхайлавіча ўзнікалі ўсё новыя перашкоды: спачатку, пакуль пажарная машына магла прайсці, ехалі па размытай дарозе, затым са сродкамі выратавання пабеглі да месца здарэння. Бегчы прыйшлося каля кіламетра. Наперадзе – забалочаная мясцовасць, праз якую дабраліся да невялічкага астраўка. Адтуль выратавальнікі ўбачылі чалавека ў вадзе, побач з ім былі два мужчыны. «Падысці да іх, – расказвае Іван Карманаў, – было ўжо нельга: ад берага вада, да льда – каля пяці метраў. Самі рыбакі яшчэ раніцай, калі лёд быў больш моцны, зайшлі на возера з другога канца…» Выратавальнікі разумелі, што тэрмінова трэба аказваць дапамогу чалавеку, які тануў. Кінулі рыбакам вяроўку, але, калі мужчыны паспрабавалі прыблізіцца да яе, пад імі пачаў трэскацца лёд. Ні секунды не губляючы, Іван Карманаў па вадзе дайшоў да льда, палкай падцягнуў да сябе вяроўку і папоўз да тонучага. На жаль, было позна: рыбак патануў.
У гэты ж час Аляксандр Лаўнікаў з берага крыкнуў напарніку, што пад ільдом апынуўся яшчэ адзін мужчына. Іван Генадзьевіч рушыў да пацярпелага – і крохкі лёд не вытрымаў выратавальніка, які ў долі секунды таксама трапіў у ваду. На шчасце, яму хутка ўдалося выбрацца са сцюдзёнага возера. Пашанцавала і двум гора-рыбакам, для якіх 14 сакавіка стала другім днём нараджэння. Аднаго з іх выцягнуў з вады Іван Карманаў. Але цяпер дабрацца да берага было яшчэ складаней: пад вагой трох дарослых мужчын лёд нібы «танчыў». Своечасова на дапамогу прыехалі калегі з Купёлкі – прапаршчык унутранай службы камандзір аддзялення ПАВП №13 Аляксандр Палякоў разам з вадзіцелем паста старшыной унутранай службы Юрыем Міначкіным. «Да нас дабраўся Аляксандр Генадзьевіч, – аднаўляе храналогію падзей Іван Карманаў. – Мы звязалі вяроўкі, і нас выцягнулі на бераг. Перш-наперш далі сухія баёўкі пацярпелым, каб яны змаглі сагрэцца, переапрануліся самі. Ісці насустрач брыгадзе «хуткай медыцынскай дапамогі» зноў прыйшлося праз балоцістыя мясціны». Для выратаваных аматараў падлёднай рыбалкі – працаўнікоў Аршанскага лакаматыўнага дэпо – адпачынак скончыўся шпіталізацыяй.
Стаць выратавальнікам аршанец Іван Карманаў марыў з дзяцінства. Прафесійны шлях пачаў напрыканцы 2010 года ў ПАВЧ №2, а з вясны 2012 г. узначальвае пост у Арэхаўску. У мінулую пятніцу ён і яго калегі сталі для пацярпелых рыбакоў сапраўднымі анёламі-ахоўнікамі. Свой учынак Іван Генадзьевіч не лічыць гераічным. Для мужнага і сціплага начальніка ПАВП №18 выратаванне людзей, рызыка сабой дзеля іншых – абавязак, што­дзённая праца. Між іншым, раней Івану Генадзьевічу не прыхо­дзілася вызваляць пацярпелых з ледзянога палону.
Рыбачыць, нават калі слупок тэрмометра набліжаецца да рэкордных для сакавіка тэмператур, некаторыя землякі, на вялікі жаль, усё ж адважваюцца. Складана сказаць, што больш важна для аматараў падлёднай рыбалкі: добры клёў і ўлоў ці адрэналін. І мала хто задумваецца, як неспакойна ў гэтую хвіліну на сэрцах іх родных, якія чакаюць вяртання дадому бацькі, мужа, сына… Каб не стаць ахвярай воднай стыхіі і ўласнай бесклапотнасці, не трэба выпрабоўваць на трываласць ні тонкі лёд, ні лёс!

Марына СЯМАШКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий