Праз прызму часу

Барыс Андрэевіч ЛУЧКО (трэці злева)

Барыс  Андрэевіч Лучко месяц таму адзначыў свой васьмідзесяцігадовы юбілей. Нібы акідваючы поглядам мінулае, ён узгадвае  падзеі далёкіх часоў, якія выдатна захаваліся ў памяці. Па жыцці гэтага чалавека  можна вывучаць гісторыю  Беларусі, у тым ліку і нашай Аршаншчыны, малой радзімы ўраджэнца гэтага краю.

…Першае, самае моцнае ўражанне, псіхолагі сёння называюць такі стан чалавека стрэсам,  Барыс  атрымаў у дзяцінстве. У 1938 годзе арыштавалі  яго бацьку Андрэя Феафілавіча, а  затым і расстралялі гэтага  ні ў чым не павіннага чалавека разам з  шасцю  іншымі  аднавяскоўцамі. У вёсцы Ферма ніхто не ведаў яшчэ такога слова як “рэпрэсія”, але для Барыса Андрэевіча і  яго старэйшага брата стала справай гонару вярнуць добрае імя  бацькі, на якую спатрэбіліся дзесяцігоддзі. Напачатку пошукаў справядлівасці быў ліст на імя Вышынскага, які  вярнуўся з  адказам, што   А. Луко арыштаваны без права на перапіску. У 1960 годзе сям’я даведалася: афіцыйна бацька памёр у турме ад параліча сэрца ў 1943 годзе. Па неафіцыйных звестках арыштаванага 26 лютага  селяніна  расстралялі праз месяц пасля арышту. Нават сёння сын, які перажыў бацьку на шмат гадоў, не хавае слёз: расстралялі за  эксплуатацыю  наёмнай працы, бо па гаспадарцы дапамагала бацькава сястра. Дзе пахаваны Андрэй Феафілавіч Лучко, ніхто з сям’і не ведае. Тым не менш, штогод у дзень яго расстрэлу, 25 сакавіка, дачка і ўнучка рэпрэсіраванага ставяць свечку ў царкве “За ўпакой”. Некалькі разоў Барыс Андрэевіч ха-дзіў на месца масавых  расстрэлаў мірнага насельніцтва ў раёне  Кабылякоў і  ў Сафіёўцы, але зняць цяжар з душы так і не змог. Чорную адмеціну на сям’і Лучко зрабіла і Вялікая Айчынная вайна. Размешчаная паблізу лясоў вёска нярэдка давала прытулак  партызанам, была спакусай  для рабавання бандытам, часцяком наязджалі і гітлераўцы, якія адчувалі сябе тут гаспадарамі. Варожа настроеныя ў адносінах да фашыстаў і іх наймітаў, паліцаяў,  жыхары вёсак Ферма і Зоськава спачувалі партызанам, па магчымасці дапамагаючы народным мсціўцам. На жаль, гэта і стала прычынай гібелі  Насці, сястры Барыса. Аднойчы, калі ў вёску прыйшлі немцы, яна разам з сяброўкамі праз поле пабегла ў лес, каб папярэдзіць партызан. Наўздагон гітлеравец выпусціў чаргу з кулямёта, і дзяўчаты, нібы  сцябліначкі, замертва аселі на пашу. Да апошніх дзён свайго 82-гадовага жыцця   Еўдакія Кузьмінічна аплаквала мужа і дачку. Чацвёра дзяцей як маглі падтрымлівалі матулю, але боль назаўсёды  асеў белым павуціннем на яе валасах, а пакута і смутак  –  у вачах.

Магчыма,  трагічны лёс  бацькі  істотным чынам паўплываў на фарміраванне  натуры Барыса. Ён вырас прагным да навукі, настойлівым у дасягненні мэты і адданым  зямлі чалавекам. Пасля заканчэння школы паступіў у Смальянскі сельскагаспадарчы  тэхнікум на аддзяленне “Агранамія” і праз нейкі час ужо працаваў на Аршаншчыне. Каштоўны вопыт працы і не менш  важкі вопыт стасункаў с людзьмі Барыс Андрэевіч Лучко набыў пад час работы намеснікам старшыні і аграномам у калгасе імя Дзяржынскага пад кіраўніцтвам франтавіка Лукі Адамавіча Кавалёва. У 1962 годзе малады спецыяліст Барыс Лучко атрымаў павышэнне: быў прызначаны на пасаду старшыні калгаса “Спартак” у сваёй роднай вёсцы, дзе працаваў кіраўніком дзесяць з паловай гадоў. За гэты перыяд гаспадарка па сваіх паказчыках стала адной з лепшых у Аршанскім раёне. Барыс Андрэевіч зрабіў стаўку на папулярную ў той час кармавую культуру – жоўты люпін. Дзякуючы навуковаму падыходу маладога старшыні ў 1965 годзе рэнтабельнасць калгаса “Спартак” вырасла да 104%, а на касцюм Барыса Андрэевіча адна за  другой “прызямліліся” высокія ўрадавыя ўзнагароды: ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны”, медаль “За працоўную  доблесць”. Відавочна, што і надалей удача спрыяла б прадпрымальнаму  кіраўніку, аднак умяшаўся злы рок. Барыс Лучко трапіў пад следства. Сёння  пажылому чалавеку  цяжка ўспамінаць тыя падзеі, і можна толькі здагадвацца, што яму прыйшлося перажыць. У гэтыя складаныя дні надзейнай  падтрымкай мужу, як, дарэчы, і з першых дзён сумеснага жыцця, стала жонка – Раіса Васільеўна. Мудры дарадчык,  уважлівы і далікатны суразмоўца, яна ўсё жыццё  была мужу  апорай. Спраўлялася  на рабоце, як вынік, фотаздымак Раісы Васільеўны быў нязменным на Дошцы гонару раённага вузла сувязі, дзе яна працавала. Дагледжана была і хатняя гаспадарка, у парадку ўтрымліваўся вялікі агарод. Гонарам бацькоў сталі і трое дзяцей. Аляксандр жыве і працуе ў Новалукомлі, Наталля – у Гродна, а Таццяна  засталася на бацькаўшчыне. Яна з сям’ёй жыве і працуе ў Межаве, часта наведвае бацьку, юбілей якога нядаўна сабраў усю вялікую сям’ю Лучко разам, бо ў Барыса Андрэевіча ўжо ёсць унукі і праўнукі.  Магчыма, хтосьці з іх  некалі таксама  прадоў-жыць  распачатую яшчэ прашчурамі справу селяніна. Ва ўсялякім разе Барыс Андрэевіч у глыбіні душы на гэта спадзяецца. Не зважаючы ні на што, ён свята верыць: сялянскі род Лучко быў, ёсць і будзе.

Ліна ГАТОЎСКАЯ

One thought on “Праз прызму часу

  • 19.10.2010 в 15:29
    Permalink

    Барыс Андрэевіч Лучко крепкого Вам здоровья.

Добавить комментарий