Завод, што стаў навекі родным

слесар І. Ціханаў, электрагазазваршчык В. Ярэц, начальнік рамонтна-механічнага цэха А. Бахматаў, фрэзероўшчык С. Бірулін, слесар А. Радкевіч

Навіна пра тое, што начальнік рамонтна-механічнага цэха ААТ “Оршабудматэрыялы” Аляксандр Міхайлавіч Бахматаў атрымаў высокую ўзнагароду, пачэсны знак “Ганаровы будаўнік”, імгненна абляцела калектыў прадпрыемства. Прымаючы заслужаныя віншаванні, герой падзеі сціпла ўсміхаецца, тлумачачы, што ва ўзнагародзе значны ўклад усіх, хто меў дачыненне да фарміравання яго як асобы.

Распавядаючы журналісту “Аршанскай газеты” пра сябе, Аляксандр Міхайлавіч увесь час узгадваў імёны і прозвішчы тых, хто некалі даваў яму пуцёўку ў жыццё, шчодра дзяліўся вопытам, вучыў быць цярплівым і далікатным у адносінах з падначаленымі. Яго асабістая характарыстыка кароткая і лаканічная. Школа. Армія. Завод. Але за кожным яе радком – гады добрасумленнага жыцця, адданага на дабрабыт завода, што стаў навекі родным. 35 гадоў таму малады хлопец, ураджэнец вёскі Юрцава, прыйшоў на сілікатны завод, дзе трапіў у поле зроку, а дакладней, быў аддадзены ў вучні токару, спецыялісту высокага класа Віктару Апанасавічу Раку. За тры з лішкам дзесяцігоддзі шмат вады ўцякло, але Аляксандр Міхайлавіч памятае дабро, клопат і ўвагу да сябе з боку начальніка цэха Пятра Міхайлавіча Дабрынскага, токараў Івана Фёдаравіча Новікава і Міхаіла Ларыёнавіча Кныпіка, каваля Івана Андрэевіча Ільянкова, а яшчэ бездакорных у працы Георгія Зуева, Сяргея Салтанава, Рыгора Кавалёва. Некаторых з іх ужо няма на гэтым свеце, аднак у сэрцы Аляксандра Міхайлавіча яны пакінулі добры след, а гэта, у пераводзе на чалавечыя зносіны, каштуе дорага.

На сучасны момант касцяк рамонтна-механічнага цэха складаюць такія ж прафесіяналы, як і сам герой нашай публікацыі. Не адзін год поплеч працуюць токар Віктар Пляшко, фрэзероўшчык Сяргей Бірулін, электрагазазваршчыкі – Ула-дзімір Украінцаў і Васіль Ярэц, майстар па рамонту абсталявання Аляксандр Спіжарны, слесар Іван Ціханаў і іншыя. Усім ім было неяк нязвыкла бачыць у будні дзень Аляксандра Міхайлавіча ў строгім святочным касцюме. Да таго ж, увагу кожнага, хто сустракаўся на шляху, прыцягваў прыгожы блакітна-серабрысты знак “Ганаровы будаўнік”. Празнаўшы пра ўзнагароду, шчыра віншавалі, па-мужчынску моцна паціскалі руку.

Чытачам, сярод якіх нямала людзей рабочых прафесій, безумоўна, цікава будзе больш падрабязна даведацца пра справы на прамысловых прадпрыемствах горада, пра людзей, што з’яўляюцца гонарам нашага краю, таму ў расповядзе пра Аляксандра Бахматава мы закранем не толькі яго працу на вытворчасці, але і адносіны ў сям’і. Першачарговымі задачамі калектыву рамонтна-механічнага цэха з 32 чалавек з’яўляюцца: выраб запчастак і дэталяў для работы ўсіх структурных пад-ра-здзяленняў прадпрыемства, дапамога ў рамонце і ўвод у эксплуатацыю новых ліній. Адна з іх – Варонежская лінія па вытворчасці ячэістага бетону – устанаўлівалася сіламі работнікаў цэха. Зараз вядуцца падрыхтоўчыя работы па рэканструкцыі другой лініі. Каб пазбегнуць збояў у наладцы абсталявання, здачы яго ў пазначаны тэрмін, аднаго толькі прафесіяналізму рабочых і спецыялістаў мала. Неабходна правільная арганізацыя працы, за якую таксама нясе адказнасць Аляксандр Міхайлавіч. Вось як характарызуе свой калектыў, адносіны да завода ў цэлым ён сам:

– Завод – гэта ўсё маё жыццё, а калектыў – сям’я. Тут, з мяне, звычайнага вясковага хлопца, вырасцілі рабочага, добрага токара, а потым далі магчымасць прафесійнага росту. Усе тэхналагічныя аперацыі на вытворчасці я спасціг, як кажуць, на ўласным вопыце, і вось ужо амаль 14 гадоў працую начальнікам цэха. Як і 35 гадоў таму, стараюся выконваць сваю работу якасна. Гэта не цяжка, бо мне заўсёды дапамагае калектыў цэха і кіраўніцтва завода ў асобе нашага дырэктара Ула-дзіміра Нічыпаравіча Данілава. Дарэчы, менавіта ён, выдатна валодаючы сітуацыяй на прадпрыемстве, душой хварэючы за справы, выступае генератарам усіх ідэй і новаўвя-дзенняў. Добрыя памочнікі мне – галоўны механік Мікалай Ягораў і галоўны энергетык завода Сяргей Клачкоў.

“Адказны. Прынцыповы. Патрабавальны. Надзейны. Бездакорны аўтарытэт для падначаленых”, – так характарызуюць Аляксандра Міхайлавіча Бахматава на прад-прыемстве. Нават пры першым знаёмстве адчуваецца: суразмоўца слоў на вецер не кідае. “Усё гэта ад бацькі Міхаіла Рыгоравіча, які прайшоў дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, настаўнічаў і вучыў нас, уласных траіх дзяцей, жыць сумленна, несці адказнасць за свае ўчынкі. Маці, Марыя Мікітаўна, працавала сельскім фельчарам. Ад яе ў нас – павага да людзей працы. Такім чынам, дзецям было на каго раўняцца. Сёння брат Мікалай працуе на адным з заводаў у Калінін-градзе, сястра Вольга занятая ў харчовай прамысловасці, жыве і працуе ў Барысаве. Не ведаю, як бы склаўся мой лёс, але тут, на сілікатным, я сустрэў дарагога для сябе чалавека, маю жонку Людмілу Яўгенаўну. Не пакрыўлю душой, калі скажу: ёй я абавязаны многім, у тым ліку і вучобай, у свой час, у Мінскім індустрыяльным тэхнікуме. Усе гады нашага сумеснага жыцця звязаны з працай на заводзе, дзе мая Яўгенаўна працуе начальнікам аддзела кадраў. Вось і мяркуйце самі наконт таго, што завод сапраўды стаў для нас родным домам”.

У Аляксандра Міхайлавіча і яго шчаслівай другой палавінкі двое сыноў – Дзмітрый і Андрэй, якія абралі па жыцці тэхнічныя прафесіі. Абодва пасля заканчэння БНТУ працуюць у аўтамабільнай галіне і жывуць- у сталіцы. У выхадныя муж і жонка Бахматавы па чарзе наведваюць сваіх матуль, ез-дзяць у Юрцава і на Магілёўшчыну. Па дарозе туды і назад гаворка заўсёды ідзе пра дом – прадпрыемства, якое абодва называюць па-старому – заводам сілікатных вырабаў.

Л. Гатоўская

One thought on “Завод, што стаў навекі родным

  • 29.08.2010 в 17:29
    Permalink

    )))))))

Добавить комментарий