Садружнасць народаў і культур

Для сапраўднага мастацтва межаў не існуе, як няма іх і для сапраўднага сяброўства. На тры дні ў нашу старадаўнюю Оршу на міжнароднае свята “Садружнасць” з’ехаліся дэлегацыі з параднёных гарадоў. Яскравай падзеяй стала адкрыццё выставы “Дзеля міру на зямлі”. Экспазіцыю складаюць экспанаты рознай тэматыкі і жанраў, якія раскажуць наведвальнікам  пра сувязі паміж гарадамі-пабрацімамі, пазнаёмяць з гісторыяй, культурай і традыцыямі нашых замежных сяброў.

Сімвалічна, што выстава праходзіць менавіта ў калегіуме Іезуітаў. Слова “калегіум” у перакладзе з лацінскай мовы азначае “таварыства”, “садружнасць”. У работнікаў гэтай установы культуры ўжо даволі вялікі вопыт супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. У мінулым годзе аршанцы пабачылі выставу, на якой былі прапанаваны работы вяземскіх мастакоў. Раней у залах калегіума размяшчаліся экспазіцыі іранцаў і славакаў. У рамках міжнароднага свята гарадоў-пабрацімаў “Садружнасць” у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі імя В. А. Грамыкі на тры дні, з 19 па 21 верасня, знайшлі прытулак экспанаты, прывезеныя з розных куткоў Еўропы. Сем састаўных частак выставы, а менавіта столькі гарадоў прапанавалі ўвазе аршанскага гледача свае мастацкія шэдэўры, – як сем частак адзінага цэлага. Кожная дэлегацыяпрадэманстравала свае нацыянальныя касцюмы. Трэба адзначыць, што гэта адзі-н з самых яскравых момантаў выставы. Кожны касцюм дэманструе нацыянальны каларыт народа, яго адметнасць ад іншых. Віцэ-мэр літоўскага горада Цяльшая Вітаўтас Клейва ў звароце да прысутных зазначыў, што яго землякі вельмі ганарацца, што ў іх рэгіёне плённа працуюць некалькі выдатных майстроў драўляных скульптур. Невялікая дэлегацыя малдоўскага горада Бельцы прывезла ў Оршу выставу цікавых фотаздымкаў, вышываныя вырабы, узоры разьбы па дрэве, вырабы з прыродных матэрыялаў. Член дэлегацыі Вязьмы Людміла Аляксандраўна Волкава крыху расказала гасцям выставы пра экспанаты, якія яны прадставілі на суд аршанскіх гледачоў. Гэта здымкі вяземскага фотамастака Уладзіміра Парфёнава, работы навучэнцаў дзіцячай мастацкай школы імя А. Сяргеева. Надзвычай цікавая экспазіцыя, якую прадстаўляе польскі Мінск-Мазавецкі. Тут прапанаваны фотаздымкі з міжнароднага летняга лагера, на якім можна знайсці нават вашых знаёмых. Польскія сябры прывезлі да нас сапраўдную залатую восень, праўда, пакуль толькі на пейзажах фотамастака Анджэя Рышавы. Здзіўляюць сваёй вытанчанасцю выцінанкі. Не менш прывабныя і экспазіцыі, якія знаемяць нас з раенам Масквы Заходняе Дзягуніна і Чырвонагвардзейскім раёнам Санкт-Пецярбургу.

На выставе размешчаны не толькі экспанаты, прывезеныя нашымі гасцямі. Ёсць што паказаць і аршанцам. Замежныя госці з цікавасцю знаёміліся з работамі аршанскіх фотамайстроў Сяргея Сляпцова, Алеся Еслікава, Уладзіміра Марцынкевіча, Марыны Даронінай. У суседняй зале размясцілася выстава прызнанага аршанскага мастака Мікалая Таранды. Яго палотны – вынік працы на пленэрах у балгарскім Перніку, расійскай Вязьме, польскім Мінску-Мазавецкім.  Як прызнаецца сам мастак, працавалася на пленэрах у гарадах-пабрацімах надзвычай плённа. І не дзіва, бо ўсё навокал гэтаму спрыяла. У Перніку Мікалаю Тарандзе давялося адчуць усю чысціню колеру. Наведвальнікі выставы таксама змогуць убачыць на свае вочы ўсю вясёлку колераў, калі яны зірнуць на палотны нашага таленавітага земляка. Яго карціны не толькі асалода для вачэй,  гэта і сапраўдны падарунак для душы, бо такая добрая магчымасць убачыць свет на дзіва яркім і выразным выпадае не кожны дзень. Дарэчы, калі вы яшчэ не былі на выставе, але вельмі хочаце ўбачыць тое, што прывезлі да нас госці з гарадоў-пабрацімаў, паспяшайцеся! Выстава заканчваецца сёння.

Прыемна, што члены замежных дэлегацый пад час адкрыцця адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мера-прыемства, падзякавалі аршанцам за цёплы прыём і добразычлівасць. Нікога з гасцей не пакінуў раўнадушным і наш старажытны і ў той жа час малады горад, яго архітэктурныя помнікі і сучасныя пабудовы.

Марына СЯМАШКА

Добавить комментарий