Ученица СШ №3 Валерия Солдатенко участвует в телепроекте ОНТ «Эволюция. Дети»

«Я – беларусачка!» – горда спявае Валерыя Салдаценка, салістка народнай студыі эстрадных спеваў “Крэатыў” гарадскога Палаца культуры “Орша”. Хутка словы песні “Беларусачка” вывучыць уся краіна: Лера стала ўдзельніцай фіналу тэлепраекта – галоўнага дзіцячага хіт-парада Беларусі “Эвалюцыя. Дзеці”. Неўзабаве гледачы тэлеканала АНТ змогуць аддаць свой голас за аднаго з сарака юных выканаўцаў і скласці топ-10 лепшых спевакоў.

bez-imeni-1
Адно з патрабаванняў да песень удзельнікаў – творы павінны быць аўтарскімі. Словы песні “Беларусачка” належаць Алене Дземух, музычная аранжыроўка – Марыі Марачовай. “Мы адправілі пяць заявак разам з відэаматэрыяламі, – расказвае кіраўнік “Крэатыву” Алена Дземух. – Трапіць у тэлепраект паспрабавалі тры ўдзельніцы шоу-групы «Teenagers», Стэфанія Чарткова і Валерыя Салдаценка – усіх запрасілі на кастынг, на якім з 65 юных спевакоў адабралі 40 фіналістаў. У іх ліку апынулася і Лера. Пазней у канцэртнай зале “Prime Hall” у Мінску прайшлі здымкі кліпа. Разам з Лерай на сцэну выйшлі дзяўчаты са студыі эстраднага танца “ШЭП” ГДК «Орша». Цяпер чакаем, калі праект пакажуць па тэлебачанні і можна будзе галасаваць за нашу “зорачку”.
Юная аршанка з чароўнай усмешкай вучыцца ў трэцім класе сярэдняй школы №3. Калі Валерыі было пяць гадоў, мама Алена прывяла дачку ў “Крэатыў”. У той жа год Лера паспяхова выступіла на першым конкурсе – стала лаўрэатам трэцяй ступені міжнароднага фестывалю-конкурсу мастацтваў “Зоряна хвиля” (“Зорная хваля”), які праходзіў у Крыму. Дыплом лаўрэата трэцяй ступені дзяўчынка атрымала і на міжнародным конкурсе-праекце крэатыўнай творчасці “Апельсінавая бяроза”. Выступленне на міжнародным конкурсе “Роза вятроў” прынесла дыплом першай ступені. Лера паспявае займацца і ў інструментальным ансамблі “Ладушкі” пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзе грае на званочках. У складзе калектыву Лера заваявала ўзнагароды на раённым фестывалі “Буду зоркай”.
“Мае любімыя школьныя прадметы – маляванне, працоўнае навучанне і матэматыка”, – вольны час Лера праводзіць з карандашамі і фарбамі. Але яе мама Алена кажа, што замест мастацкага аддзялення Лера марыць пра музычнае – дзяўчынка вельмі хоча навучыцца граць на саксафоне.

Марына Сямашка.

Фота аўтара.

Добавить комментарий