У Оршы прэзентавалі першае непадцэнзурнае выданне «Ладдзі роспачы» Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч

На мерапрыемства ў музей Ул. Караткевіча завіталі госці з Мінска: аўтар праекта Глеб Лабадзенка і бард, загадчык аддзела журналісцкага расследавання газеты “Звязда” Яўген Валошын.

Пра гісторыю ўнікальнага выдання расказаў Г. Лабадзенка. Год таму Рыгор Барадулін прынёс яму каштоўны скарб – рукапіс “Ладдзі роспачы”, навэла прысвечана народнаму паэту Беларусі. Ён захоўвае рэліквію дома каля пяці дзесяцігоддзяў і ні ў якім разе нікому не перадасць. Карэспандэнт газеты “Звязда” зазначыў, што герой Гервасій Выліваха працэнтаў на 80 – сам аўтар. Менавіта ў рукапісу “Ладдзі роспачы” і зашыфраваны код пісьменніка.

У Глеба Лабадзенкі з’явілася думка выдаць караткевічаўскі арыгінал. Ён арганізаваў збор сродкаў на праект. І вось нарэшце кнігу можна патрымаць у руках. Выданне ўключае ў сябе: прадмовы Рыгора Барадуліна і ўкладальніка, рукапіс “Ладдзі Роспачы” 1964 года, кніжны тэкст 1978 года, пераклад на рускую мову Васіля Сёмухі, каментары да рускага перакладу, цэнзарска-рэдактарскія праўкі, паслямову Васіля Сёмухі. Таксама ў кнізе змешчаны 55 фотаздымкаў, 27 з іх друкуюцца ўпершыню. Выданне адметнае і сваёй інтэрактыўнасцю: чытач, разгортваючы яго, робіцца даследчыкам творчасці Караткевіча. На 23 старонках рукапісу рэдактары зрабілі 296 правак. Вельмі часта – памылковых ці ўвогуле бязглуздых. Тэкст не “адматаны” да першапачатковага варыянта – усе праўленыя і выразаныя моманты проста графічна паказаныя ў тэксце. Таму кожны з нас можа вырашыць, што выпраўлена справядліва, а што – не.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий