Беларуская кухня: гатуем верашчаку

У рэдакцыю «Аршанкі» звярнулася жыхарка вёскі Браздзетчына Аляксандра Сцяпанаўна Халянкова з цікавай просьбай. «Я вельмі люблю Якуба Коласа, у «Новай зямлі» ёсць такія радкі: «На верашчаку гатовілі атаку». Што гэта за страва? Можаце знайсці рэцэпт?» – пытаецца сяльчанка.

фота Koolinar.ru

Верашчака – гэта традыцыйная беларуская, польская і літоўская страва, адзін з відаў мачанкі. У Інтэрнэце адшукалі рэцэпт стаўбцоўскай верашчакі. Сакрэтам яе прыгатавання падзяліўся беларускі пісьменнік Алесь Камароўскі, ураджэнец вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна – малой радзімы Якуба Коласа.

Рэцэпт стаўбцоўскай верашчакі просты: наразалі і абсмажвалі на патэльні свініну, дадавалі цыбулю, прысыпалі мукой, перамешвалі. Пасмажыўшы некалькі хвілін, мяса перакладвалі ў чыгунок, залівалі квасам і адпраўлялі тушыцца ў печ. Калі вы жывяце ў кватэры, то патушыце мяса ў духоўцы. Гатовая страва павінна «верашчаць». Елі яе з блінамі ды аладкамі.

Дарэчы, у верашчакі цікавая гісторыя. Яна вядома з «саскіх» (саксонскіх) часоў, ад сярэдзіны XVIII ст. Народная страва трапіла да простых людзей з каралеўскага стала. Кухмістр Верашчака служыў пры двары караля Аўгуста III у Варшаве. Верашчака ведаў адмысловы спосаб падаваць каўбасу: яе рэзалі ў талерцы, перакладалі кавалкамі сала і палівалі вострай падлівай. Есці яе трэба было лыжкай, адсюль і прымаўка: «за караля Саса лыжкай каўбаса».

У класічнай польскай кулінарыі верашчака дагэтуль гатуецца з белай каўбасы, зваранай у піве напалову з вадой, затым пакрышанай на кавалкі і вельмі хутка (каля 1 хвіліны) патушанай у густым заквашаным цыбулевым соусе. Варыянтаў прыгатавання верашчакі шмат, у розных раёнах рэцэпты адрозніваюцца.

Падрыхтавала
Марына МАРЫНІНА.