У аршанскім падполлі. Чалавек з легенды

І вось адказныя заданні адно за адным. Атрад «Знішчальнік» паспяхова ўзрывае чыгуначны мост паміж Юрцава і Стайкамі, на некалькі дзён выводзіць са строю чыгунку на гэтым участку. Неўзабаве, даведаўшыся праз разведку, што ў вёску Гразіна павінна прыехаць нямецкая карная экспедыцыя, дзянісаўцы робяць у лесе засаду. Падпусціўшы ворага на блізкую адлегласць і карыстаючыся нечаканасцю, знішчаюць яго. Толькі ў ліпені 1942 года падрыўнікі атрада пусцілі пад адхон тры нямецкія эшалоны з жывой сілай і тэхнікай фашыстаў.

Летам 1942 года па заданню Л. Н. Анкіновіча і К. С. Заслонава атрад Д. Я. Касачова бярэ пад свой кантроль адзін з участкаў аўтамагістралі Масква – Мінск. Бадай, не было дня, каб тут не адбывалася сутычак з ворагам. У адной з іх група партызан пад кіраўніцтвам Васіля Тарацінскага знішчыла палкоўніка нямецкай арміі каменданта г. Смаленска. Былі захоплены важныя дакументы.

Каб злавіць Дзяніса Касачова, па трывозе быў узнят на ногі ўвесь варожы гарнізон у Оршы. Палявая камендатура распаўсюдзіла аб’яву, у якой ад імя нямецкага камандавання за галаву партызанскага камандзіра абяцалася вялізная грашовая ўзнагарода.

А атрад «Знішчальнік» рос, папаўняўся новымі адважнымі байцамі. Глыбокай восенню 1942 года перад ім была пастаўлена адказная задача партыйнага падполля: правесці глыбокую разведку трохкутніка Орша – Віцебск – Смаленск. Дзянісаўцы шмат працавалі, важныя звесткі былі сабраны ў цяжкіх баях і кароткіх стычках, і, калі аперацыя падыходзіла к канцу, варожая куля напаткала мужнага камандзіра.

Дзянісаўцы рушылі на дапамогу. Як і заўсёды, камандзір быў наперадзе. І вось ля вёскі Багданава на Сенненшчыне Касачоў спыніў людзей, а сам з некалькімі байцамі накіраваўся ў разведку.

Грузавік з гітлераўцамі выскачыў з-за ўзгорка нечакана. Тым не менш партызаны паспелі залегчы ў кустах. І вось пасыпаліся аўтаматныя чэргі. Каля дзесяці фашысцкіх ваяк былі забітыя, астатнія кінуліся ўцякаць. Здавалася, што бой закончыўся. Але не паспеў Дзяніс Яфімавіч узняцца, як аднекуль збоку засакатаў варожы аўтамат…
Ён памёр на руках баявых таварышаў. Пахавалі героя ў вёсцы Серкуці Сенненскага раёна.

Савецкі ўрад высока ацаніў баявыя подзвігі Дзяніса Яфімавіча Касачова. Ён узнагароджан ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонага Сцяга, партызанскімі медалямі.
Памяць аб верным сыне Радзімы жыве ў народзе. На магіле патрыёта палымнеюць кветкі, пасаджаныя піянерамі. На месцы яго захавання
ўзвышаецца мармуровы помнік, пастаўлены ў гонар слаўнага змагара калектывам Аршанскага паравознага дэпо, дзе ён працаваў да вайны.

Працяг будзе.
Падрыхтавала В. Мільто.

(«Ленінскі прызыў»,
№ 152 (10.130),
27 кастрычніка 1966 года)