Народныя промыслы Пугляеўскай воласці

У сучасны перыяд грамадства ўсё часцей звяртаецца да багатага мінулага нашых продкаў. Асабліва запатрабаваным з’яўляецца пласт народных промыслаў, або рамёстваў. Тэрмін “промысел” выкарыстоўваецца для вызначэння дробнатаварнай вытворчасці для адрознення яе ад буйной фабрычнай прамысловасці. Напрыклад, у Магілёўскай губерні промысламі займаліся звыш за 10 тысяч чалавек, што складала ад агульнай колькасці насельніцтва губерні ўсяго 0,3%. На той час, паводле кнігі А. Дзембавецкага “Опыт описания Могилевской губернии” (1882 -1884 г.), у Пугляеўскай воласці, што ўваходзіла ў Горацкі ўезд Магілёўскай губерні, было 55 пасяленняў і налічвалася 318 забудоў.

У Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца цікавы дакумент – “Всероссийская сельскохозяйственная перепись 1916 года». Паводле яе, у Пугляеўскай воласці пражывалі 7742 чалавекі. Мужчын – 3355, жанчын – 4387. У 1323 гаспадарках утрымлівалася 2274 каня, 2578 кароў; авечак, свіней і коз – 2524.

Мяркую, чытачам будзе цікава ведаць, што і ў якой колькасці вырошчвалі на сваіх валоках нашы продкі. На агародах пераважала жыта – 2096,61 дзесяціны, азімая пшаніца – 4,55 дзесяціны, ячмень – 396,17, авёс – 1849, проса – 27, грачыха – 20,97, гарох – 4,65, бульба – 355,6, лён – 190,3, канапля – 33,27 і трава – 289 дзесяцін. У сярэднім на адну гаспадарку прыходзілася пасеваў усіх культур – 4,1 дзесяціны, а на аднаго чалавека воласці – 0,72 дзесяціны. Хачу адзначыць, што ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь знаходзіцца шмат цікавых матэрыялаў па нашай мясцовасці. Адзін з іх – фонд 2038 – “Пугляевское волостное правление Горецкого уезда за 1878-1917 г.» – налічвае 147 адзінак захоўвання. У воласці было 15 сельскіх таварыстваў: Пугляеўскае, Чурылаўскае, Барздоўскае, Макараўскае, Рымкаўскае, Савішчанскае, Граздзівецкае, Залажанскае, Крапівенскае, Шатравінскае, Харкаўскае, Бабінічскае, Ляшчынскае, Марозаўскае. У Крапіўна, Галынцы, Лешчы, маёнтках Бабінічы, Чурылава і Будзішчы працавалі паравыя, вадзяныя млыны і ветракі. У “Статыстычным аглядзе Магілёўскай губерні на 1914 год”, які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбурзе, ёсць карта Магілёўскай губерні, дзе адзначаны межы нашай воласці і ўказана колькасць двароў, гаспадары якіх займаліся рамёствамі. “У Магілёўскай губерні было 2000 бондараў, заробак якіх складаў 40000 рублёў. Гэтым промыслам саматужнікі займаліся толькі зімой і вясной, у вольны ад палявых работ час. Буйным цэнтрам бандарнага промыслу перад Першай сусветнай вайной быў Аршанскі павет. Асабліва актыўным было бондарства ў вёсках Лявонаўка, Ермалоўка і Сідараўка. 120 сем’яў у гэтых населеных пунктах за год выраблялі да тысячы цэбраў, 2000 вёдзер, 600 начовак, задавальняючы попыт на гэтыя вырабы жыхароў Аршанскай і Магілёўскай акругі” (паводле кнігі Р. Рака “Рамёствы Беларусі і саматужна-рамесніцкая выстаўка” 1927 года выдання).

Асноўным заняткам нашых бабуль у доўгія зімовыя вечары было ткацкае рамяство. Тканне палатна з ільну і пянькі, сукна з воўны было развіта ў форме хатняга промыслу. На выставах з фондаў этнаграфічнага музея “Млын” большасць ткацкіх вырабаў набыта ў вёсках нашай былой воласці. Хочацца адзначыць, што не перавяліся народныя майстры ў вёсках Барздоўскага сельскага Савета і ў наш час. Ураджэнец вёскі Турлаі Васіль Шукайлаў на заказ можа зрабіць адмысловыя драўляныя лыжкі, а яго цёзка па прозвішчу Мікалай Шукайлаў славіцца на ўсю акругу як вопытны пячнік. Дугамі для запрагання коней, што вырабляе жыхар вёскі Прыгузкі Уладзімір Шатовіч, карыстаюцца ўсе жыхары навакольных вёсак.

Сучасны чалавек жыве ва ўмовах урбанізаванага асяроддзя і спажывае прадукты індустрыі і інфармацыйных тэхналогій. Тым не менш, грамадства востра адчувае свайго роду творчы “голад” па традыцыйных народных рамёствах, настойліва імкнучыся спасцігнуць старадаўнія прыёмы і сакрэты мастацкай апрацоўкі прыродных матэрыялаў. Напэўна, нездарма ў нашай краіне пачалі інтэнсіўна ствараць аграэкасядзібы, якія паўсюдна карыстаюцца вялікім попытам. У планах ААТ “Райаграсэрвіс” (кір. Васіль Гароднікаў) – стварэнне такой сядзібы на тэрыторыі гаспадаркі. Пры сядзібе будуць працаваць народныя ўмельцы, якія сваімі работамі паспрыяюць нацыянальна-культурнаму адраджэнню Беларусі.

В. ПЯЧОНКІН,
гісторык.

One thought on “Народныя промыслы Пугляеўскай воласці

  • 11.10.2011 в 06:52
    Permalink

    Такая информация очень интересная для газеты. Успехов!

Добавить комментарий