СТЫМУЛ ДА ЖЫЦЦЯ

Ужо шосты год пярвічную арганізацыю ветэранаў ААТ «Заполле-Агра» ўзначальвае Лідзія Савельеўна Куксевіч (на здымку), ветэран працы, старэйшына в. Зоськава Аршанскага раёна.

Незвычайна актыўная, жыццярадасная, Лідзія Савельеўна дапамагае ў рашэнні шматлікіх жыццёвых пытанняў мясцовым жыхарам – гэта і водазабеспячэнне, рамонт дарог, пячнога ацяплення, асвятленне і іншае. Сярод вяскоўцаў нямала ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў, сем’яў загінуўшых, а таксама ветэранаў працы, якія работалі яшчэ на станаўленні гаспадаркі. Нікога з іх старэйшына пярвічнай арганізацыі не пакідае без увагі. Сумесна з кіраўніцтвам ААТ “Заполле-Агра”, педагагічным калектывам і вучнямі школы, загадчыцай Запольскага мясцовага Дома культуры яна наведвае ветэранаў, праводзіць юбілеі і сустрэчы з нагоды розных знамянальных дат. За гады работы старшынёй ветэранскай арганізацыі Лідзія Савельеўна правяла тры залатыя вяселлі. Адзначылі ў гаспадарцы і стогадовы юбілей адной з жыхарак.

Усіх сваіх “падначаленых” Л. Куксевіч ведае добра, бо разам з імі жыла і працавала не адзін год. Родам яна з вёскі Малотынь Аршанскага раёна. Выйшла замуж і жыла ў вёсцы Ізмайлава. Працавала ў калгасе “Спартак” (сёння ААТ “Заполле-Агра”) – на розных работах, затым у бухгалтэрыі. Тут, на палетках, яшчэ школьніцай праводзіла ўсе свае канікулы. З Ізмайлава дабірацца да работы, узгадвае Лідзія Куксевіч, прыходзілася, пераадольваючы кожны дзень амаль па чатыры кіламетры, часта па бездарожжы. І так на працягу больш за 20 гадоў. Лідзія Савельеўна неаднаразова выбіралася дэпутатам раённага і мясцовага Саветаў дэпутатаў.

Калі сям’я Куксевічаў набыла дом амаль у цэнтры калгаса, пачалося новае жыццё. Але, на жаль, нечакана пайшоў з жыцця муж Лідзіі Куксевіч Міхаіл Арцёмавіч. Разам яны пражылі 27 гадоў. Дзяцей – Ігара і Славу – ставіць на ногі Лідзіі Савельеўне прыйшлося адной. Каб дапамагчы сынам уладкавацца ў жыцці, трымала вялікую гаспадарку. Ва ўсіх хатніх справах заўсёды дапамагалі дзеці. Л. Куксевіч ніколі не наракала на лёс, а заў­сёды з аптымізмам глядзела ў будучыню. Сёння ў старшыні ветэранскай арганізацыі ААТ «Заполле-Агра» растуць трое ўнукаў, якім яна таксама стараецца дапамагаць.

Хоць працоўныя будні і скончыліся для Лідзіі Савельеўны, і, здаецца, самы час адпачнуць, але не такога складу характару гэты чалавек. Як раз на пенсіі і пачалося новае «старое» жыццё. Лідзія Куксевіч па-ранейшаму займае актыўную жыццёвую пазіцыю. Яна – пастаянны ­ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, якія право­дзіць мясцовы Дом культуры: чытае вершы, байкі, спявае песні. На працягу чатырох гадоў Лідзія Савельеўна спявае ў раённым народным аматарскім аб’яднанні “Зямны час” – лаўрэта Х рэспубліканскага фестывалю самадзейнай творчасці ветэранскіх арганізацый “Не старэюць душой ветэраны”. 30 кіламетраў, якія аддзяляюць яе вёску ад горада, не перашкода жанчыне для рэпетыцый.

Шмат у чым, як прызналася Лідзія Савельеўна, натхняе яе на працу сваёй актыўнасцю і пазітывам старшыня Аршанскага раённага савета ветэранаў Зінаіда Сяргееўна Хайчанка. З яе бяруць прыклад многія ветэраны.

Актыўная жыццёвая пазіцыя – ёсць служэнне чалавецтву, лічыць Лідзія Савельеўна, таму і стараецца жыць дзеля другіх і ўсюды і ва ўсім у жыцці бачыць радасць.

Анжэла ШУРДУКОВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий