А рукі просяць работы

Агульны працоўны стаж Мікалая Уладзіміравіча і Антаніны Усцінаўны Садоўскіх без малага восемдзесят гадоў. На восьмы дзясятак пераваліла і самой гаспадыні кватэры №1, што па вуліцы Міру, 57. Такіх людзей, як гэтыя, сталага ўзросту пенсіянеры, у нашым горадзе і раёне вялікая колькасць. Усе яны добрасумленна працавалі, ды і сёння стараюцца не заставацца ў баку ад жыцця грамадства.

Да нядаўняй пары ў мужа з жонкай быў участак зямлі ў вёсцы. Але пасля таго, як муж у выніку хваробы атрымаў другую групу інваліднасці, пра паездкі ў вёску раз і назаўсёды прыйшлося забыцца. Толькі вось не могуць сядзець, склаўшы рукі, дбайная гаспадары кватэры на першым паверсе, вокны якой прыветна блішчаць чыстымі шыбінамі. Атрымаўшы адабрэнне мужа, Антаніна Усцінаўна (на здымку) вырашыла добраўпарадкаваць кавалак глебы каля свайго пад’езда. Зімой пад вокнамі з немудрагелістай прылады карміліся птушкі, а вясной закіпела работа па стварэнні кветніка. Пакуль што расліны на клумбе нясмела набіраюць сілу, але пройдзе зусім нямнога часу – і клопаты гаспадыні будуць аддзячаны іх яркім рознакаляровым букетам.

Звярнуцца ў рэдакцыю жыхарку нашага горада прымусіла адна невялічкая праблема: зберагчы зробленае, натхняючы на новыя крокі ў азеляненні і ўпрыгожванні дома, дапаможа агароджа. Жанчына спа­дзяецца, што ў майстроў ЖЭУ-5 зной­дзецца некалькі дошак, каб аздобіць яе кветнік.
Сёння насупраць акультуранай жанчынай зямелькі каля кожнага пад’езда сакавіта зелянее пустазеллем некалькі такіх кавалкаў зямлі. Хочацца верыць, што прыклад Антаніны Усцінаўны пераймуць і іншыя гаспадынькі, якія ўвішна працуюць на дачных участках, вырошчваючы там мноства кветак. Прывезці і пасадзіць каля пад’езду некалькі самых простых іх відаў нічога не будзе каштаваць. Затое, пагадзіцеся, якім прыгожым адразу стане ўваход ва ўласны дом.

Ліна САДОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий