“Свет шчодры. Свет мяне паўторыць…”

Уладзімір Караткевіч (фотаздымак з "Архіваў Беларусі" archives.gov.by)

Лёс адмерыў яму толькі 54 гады. У чатыры гадзіны раніцы 25 ліпеня 1984 года сэрца рыцара беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча перастала біцца. Здаецца, пісьменнік прадчуваў смерць. У апошнія месяцы жыцця ён нібы развітваўся з дарагімі сэрцу месцамі: наведаў Рагачоў, выбраўся ў Кіеў – на трыццацігоддзе свайго ўніверсітэцкага выпуску, прысутнічаў на свяце паэзіі ў Вязынцы…

А затым разам з фотажурналістам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым адправіўся на плыце ў падарожжа па Прыпяці. Гэта вандроўка была даўняй марай Уладзіміра Сямёнавіча. Першы раз пісьменнік пабываў на Палессі разам з В. Ждановічам у 1969 годзе, неўзабаве з’явілася эсэ “Званы ў прадоннях азёр”. Тры гады збіраліся ў падарожжа, але адна бяда прыходзіла за другой. Трагічнымі сталі для Караткевіча апошнія дні лютага 1983 года. У -адзін дзень памерлі жонка Валянціна Браніславаўна і цётка Яўгенія Васільеўна. Пісьменнік доўга перажываў страту. Каб суцішыць душэўны боль, у пачатку чэрвеня паехаў у Оршу, у бацькоўскае гняздо. У сталіцу вярнуўся ў снежні. Але потым цяжка захварэў, трапіў у рэанімацыю. Выздараўленне Уладзіміра Сямёнавіча сябры ўспрынялі як спадзею на яго доўгі век.

…А восьмай гадзіне раніцы 12 ліпеня 1984 года “Ніва” з падарожнікамі рушыла з Мінска на поўдзень, да Пінска. З вусця Піны пачалося апошняе падарожжа Уладзіміра Караткевіча. Пятро Драчоў узгадваў: “Гэта поўная рамантызму і гумару паездка. Мы адразу ж прызначылі Уладзіміра Сямёнавіча адміралам, астатнія былі матросамі. Мы бачылі, што яму блага. Але вельмі спа-дзяваліся, што гэтая паездка адарве яго ад самотных дум…” Ва ўпадзенні ракі Смердзь Караткевічу раптам стала дрэнна. На машыне яго хуценька прывезлі ў Мінск, там адразу скіравалі ў рэанімацыю. Моцная натура яшчэ некалькі дзён адчайна і ўпарта змагалася са смерцю, нібы ўлюбёны герой Гервасій Выліваха з “Ладдзі Роспачы”… Свой апошні прытулак нястомны вандроўнік і працаўнік знайшоў на Усходніх могілках у Мінску.

Шчодры свет сапраўды паўтарае Караткевіча. Яго раманамі і аповесцямі зачытваюцца і сёння, у беларускіх тэатрах па яго п’есах пастаўлены не адзін спектакль, неўміручыя вершы сталі песнямі. Прыхільнікі творчасці зноў і зноў прыходзяць у Аршанскі музей Караткевіча і ў школьны музей ДАСШ №3. У нашым горадзе адна з вуліц названа ў яго гонар. У парку каля Дняпра нашчадкі ўсталявалі помнік знакамітаму земляку. Нядаўна помнік выдатнаму аршанскаму паэту з’явіўся ў Кіеве каля пасольства Беларусі. Бронзавая кампазіцыя была створана беларускімі скульптарамі і архітэктарамі.

У гэтым годзе пабачаць свет першыя два тамы 25-томніка твораў Уладзіміра Сямёнавіча. Выданне рыхтуе кафедра беларускай літаратуры і культуры Белдзяржуніверсітэта пад кіраўніцтвам Анатоля Вараб’я. 25-томнік стане лепшым падарункам прыхільнікам талента Караткевіча да яго 90-годдзя і бу-дзе самым поўным зборам твораў беларускага класіка. Чытачу, несумненна, прыйдуцца па душы матэрыялы, якія будуць надрукаваны ўпершыню. Плануецца, што разам з першымі двума тамамі выйдзе кампакт-дыск з вершамі, песнямі і выступленнямі Караткевіча на радыё, а да тома з публіцыстычнымі матэрыяламі дададуць відэадыск.

…Кожны год у канцы другога месяца лета прыхільнікі таленту Уладзіміра Сямёнавіча прыходзяць да помніка любімаму майстру слова. У панядзелак 25 ліпеня ў 11 гадзін у дзіцячым парку адбудзецца ўскладанне кветак. Караткевіча, Рыцара сумлення і свабоды, няма с намі ўжо 27 гадоў. Але памяць пра знакамітага аршанца будзе жыць, пакуль жыве яго слова.

Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий