ГЕРОІ ХЛЕБНАЙ НІВЫ

Мікалай Захарэнка і Сяргей Каткоўскі

Цвёрда трымаюць лідарскія пазіцыі на сёлетнім жніве хлебаробы з СВК “Ларынаўка” – старшы камбайнер Мікалай Захарэнка і камбайнер Сяргей Каткоўскі. Яны першыя на Аршаншчыне намалацілі тысячу тон зерня, таму на мінулым тыдні прымалі віншаванні ад кіраўніцтва нашага раёна, раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, гаспадаркі, у якой героі хлебнай нівы працуюць шмат гадоў.

Ужо ў панядзелак зноў на полі адбылося шанаванне старшага камбайнера Мікалая Захарэнкі і камбайнера Сяргея Каткоўскага. Хлебаробы перасягнулі паўтаратысячны рубеж. “Бу­дзем спадзявацца, што гэта не апошні рэкорд”, – з упэўненасцю і надзеяй гавораць Мікалай і Сяргей.

Стараецца не адставаць ва ўборачнай кампаніі і моладзь. У раёне працуюць 16 экіпажаў маладых камбайнераў і 5 маладых вадзіцеляў, якія прымаюць удзел у раённых і абласных спаборніцтвах сёлетняй уборачнай кампаніі. Гледзячы на вопытных калег, яны таксама ўпарта ідуць да перамогі. Так, тысячу тон зерня першым з маладых вадзіцеляў, занятых на адвозцы зерня, перавёз Дзмітрый Карабанаў з ААТ “Роскі Сялец”. Яшчэ крышачку – і на яго ўліку ўжо будзе і другая тысяча тон зерня. Пераможцу з поспехам павіншавалі аддзел па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт БРСМ. Сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў высокую планку трымаюць прадстаўнікі ДП СГЦ “Задняпроўскі” Дзмітрый Бязлюдаў і Уладзімір Бахіраў.

Настасся ТУРОК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий