Падворак сям’і Кудраўцавых

Вяскоўцам Валерыю і Наталлі Кудраўцавым на дваіх 60 гадоў. Аднак, нягледзячы на маладосць (як ужо зразумелі чытачы, кожнаму з іх па трыццаць), гэтая маладая сям’я  канкрэтна пазначыла свае жыццёвыя арыенціры.

Першы сур’ёзны крок – гэта рашэнне жыць у сельскай мясцовасці. Гараджанка Наталля да замужжа не вельмі ўяўляла сабе лёс сяльчанкі, але вынікі некалькіх гадоў жыцця ў вёсцы Ніжняя Веравойша сведчаць пра тое, што з абавязкамі гаспадыні, маці і жонкі яна паспяхова спраўляецца. Валерый і Наталля ідуць разам па жыцці ні многа, ні мала – 10 гадоў. За гэты час яны добраўпарадкавалі дзедаўскую сядзібу, абклаўшы цэглай дом і ўпрыгожыўшы агародчык, нарадзілі сына і дачушку і ўзялі на выхаванне з інтэрната дзяўчынку, яна жыве тут ужо два гады. За адзін толькі гэты ўчынак Кудраўцавы заслугоўваюць  павагі да сябе, бо сіроцкая доля, нават пры ўсеагульным клопаце дзяржавы, – незайздросная.

Кожны з нас добра ведае, што жыццё ў вёсцы абавязвае  трымаць нейкую жыўнасць. Падворак  Кудраўцавых  можна лічыць моцнай гаспадаркай. Тут каровы, свінні, куры, невялікае трусінае пагалоўе. Усім вядома: каб дагледзець і накарміць жывёліну і птушку, трэба клапаціцца аб іх з ранку да вечара. Валерый і Наталля  гэтага не баяцца і  свае абавязкі выконваюць звыкла, спрытна  спраўляючыся  з работай. Дзеці, хоць і малыя, тым не менш, таксама  ахвотна дапамагаюць дарослым. Хапае часу ім і пагуляць: узрост восем, сем і дванаццаць самы, што ні на ёсць, бестурботны, ды і бацькі не забываюц-ца на дзіцячыя забавы. Пасля працоўнага дня  сям’я збіраецца, каб  разам  адпачыць і цікава  правесці вольны час. Адметна, што маладыя гаспадары з’яўляюцца  пастаяннымі падпісчыкамі “АГ”, з якой яны даведваюцца пра навіны Аршанскага рэгіёна. Безумоўна,  такі маральны мікраклімат абавязкова паспрыяе  выхаванню ў дзяцей   паважлівых адносін да матулі з бацькам, разумення таго, што  праца дапамагае дасягнуць пастаўленай мэты і стаць матэрыяльна незалежным чалавекам.

Л. ГАТОЎСКАЯ

Добавить комментарий