Раённыя дажынкі сустракалі гасцей у Арэхаўску (+фота)

Хлеб заўсёды лічыўся сімвалам дабрабыту, а людзі, якія яго вырошчваюць і збіраюць, – гэта соль зямлі. Ня­проста ён даецца. І сёння, калі ўжо завяршылася ўборка зерневых культур і Аршаншчына атрымала багаты ўра­джай, надышоў час сказаць вялікі дзякуй усім хлебаробам за іх руплівую працу. У суботу гарадскі пасёлак Арэхаўск сустракаў удзельнікаў і гасцей раённага свята “Дажынкі”.

IMG_3260
Перад мясцовым Домам культуры разгарнуліся каляровыя гандлёвыя палаткі, дзе аршанскія вытворцы прадставілі сваю прадукцыю на выстаўцы-продажы “Кірмаш-2014”. А некаторыя, як Аршанскі мясакансервавы камбінат, хлебазавод і г. д., яшчэ і актыўна запрашалі на дэгустацыю навінак вытворчасці. Тут жа, на адкрытай пляцоўцы, калектывы мастацкай самадзейнасці раёна радавалі сваімі творчымі выступленнямі. Парадавалі і копыскія рамеснікі. Іх гліняныя вырабы карысталіся попытам у гасцей.

IMG_3239

IMG_3204
Але ўсё ж галоўнае дзеянне адбывалася на сцэне Дома культуры. Тут прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве-2014 з удзелам старшыні Аршанскага райвыканкама Мікалая Лісоўскага, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Дабрынінай, старшыні Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Станіслава Кошкіна, калег з горада Горкі – намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Камко і дырэктара Горацкіх электрычных сетак Аляксандра Тачыла.

IMG_3210
“Даўно мы не атрымлівалі такога якаснага, чыстага хлеба і ў такой колькасці, – зазначыў, выступаючы перад хлебаробамі, старшыня райвыканкама Мікалай Лісоўскі. – У сельскай гаспадарцы не бывае выпадковасці, а калі такое і здараецца, усё роўна павінна быць аснова, фундамент. Па выніках уборачнай кампаніі гэтага года ў Аршанскім раёне 77 экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон зерня, з іх 9 – ад двух да трох тысяч тон. 13 экіпажаў-тысячнікаў – гэта моладзь. Прыемна адзначыць, што 8 экіпажаў камбайнераў з’яўляюцца пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2014 годзе”.IMG_3277

IMG_3266
Мікалай Лісоўскі таксама адзначыў перадавыя гаспадаркі раёна: СВК “Лары­наўка” (кіраўнік А. Кух­­­цян­коў), ААТ “Аршанскі райаграсервіс” (А. Дзерваед), ААТ “Агракамбінат “Юбілейны” (А. Фірсін) і выказаў словы глыбокай падзякі лепшым механізатарам, вадзіцелям, працаўнікам механічных службаў, паляводам, працаўнікам зернесушыльных комплексаў і ўсім, хто не шкадаваў сілы і часу на ўборцы ўраджаю.

IMG_3232
Віншаванні ў адрас аграрыяў Аршаншчыны прагучалі і ад гасцей свята: Л. Дабрынінай, С. Кошкіна, калег з Горак. Кожны з пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве-2014 атрымаў Ганаровую грамату і грашовую прэмію. Добрым падарункам стаў і святочны канцэрт. Сімвалічна, што адкрыў яго зводны хор Зубаўскага і Арэхаўскага дамоў культуры. Прынялі ўдзел у канцэрце і лепшыя творчыя калектывы нашага раёна. Нагадаем, што ўжо ў гэту суботу ў Гарадку адбудуцца абласныя “Дажынкі”. Сярод удзельнікаў гэтага вялікага свята ёсць і нашы хлебаробы, якія сёлета ўнеслі значны ўклад у каравай Прыдзвіння.

 

Настасся АЛЯКСАНДРАВА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий