Свет захапленняў аптымалістаў

У наступным годзе аршанскае аб’яднанне «Аптымаліст» адзначыць свой першы юбілей. Клуб пачаў працаваць на базе рэгіянальнага дыспансера спартыўнай медыцыны 4 сакавіка 2001 года. Адным з яго заснавальнікаў па праву можна назваць Віталя Васільевіча МАРШАЛКУ, які 10 гадоў таму прыйшоў на працу ў дыспансер. Да гэтага займаў пасаду намесніка галоўнага ўрача па паліклінічнай працы  ў раённай бальніцы г. Барані.

Віталю Васільевічу неабходна было прайсці спецыялізацыю па спартыўнай медыцыне ў Мінску. Там доктар упершыню пачуў пра аб’яднанне «Аптымаліст», якое існавала ў сталіцы, і вырашыў даведацца, што яно сабой уяўляе. У хуткім часе на базе спартыўнага дыспансера пачаў працаваць аршанскі клуб “Аптымаліст”, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Людзі, якія апынуліся пад уладай шкодных звычак і не могуць знайсці выйсце самастойна, заўсёды атрымліваюць тут падтрымку. За дзесяцігоддзе з дня заснавання членамі клуба сталі больш за 150 чалавек. Прычым, узрост аптымалістаў самы розны: самай маленькай удзельніцы няма і двух гадкоў, самаму старэйшаму – 76. Сярод сяброў аб’яднання – медыцынскія работнікі, настаўнікі, дзяржаўныя служачыя, працоўныя, студэнты, вучні. Удзельнікі «Аптымаліста» актыўна прапагандуюць здаровы лад жыцця, з гэтай нагоды часта праводзяць сустрэчы, «круглыя сталы» з жыхарамі горада. На базе рэгіянальнага дыспансера спартыўнай медыцыны створаны Цэнтр здароўя, прайшлі тры рэспубліканскія канферэнцыі па пытаннях здаровага ладу жыцця. Віталь Маршалка таксама выступіў арганізатарам клуба сямейнага турызму «Аршанскія рабінзоны», які сёння па розных прычынах прыпыніў сваю дзейнасць. Актывісты аб’яднання – пастаянныя ўдзельнікі турзлётаў, пешых і водных паходаў, велапрабегаў і г. д. У гэтым годзе аршанскія аптымалісты правялі шэраг мерапрыемстваў, сярод якіх навагодні вечар, Хрышчэнскія купанні, вечар раманса і народнай песні, прысвечаны Дню Перамогі, паходы выхаднога дня, сплавы на плытах па Дняпры і Сожы.

Самай знамянальнай падзеяй мінулага лета для аршанскіх аптымалістаў стаў удзел у рэспубліканскім велапаходзе «За цвярозую Беларусь», які стартаваў 24 ліпеня ў Маладзечне. За сем дзён 22 прыхільнікі здаровага ладу жыцця з розных куткоў рэспублікі праехалі Мінскую і Гродзенскую вобласці, пераадолелі на жалезных конях каля 500 км. Фінішыравалі аптымалісты 31 ліпеня ў Заслаўлі. В. Маршалка прызнаецца, што такія мерапрыемствы – не толькі спосаб прапаганды цвярозасці, гэта яшчэ і асалода. Прычым не толькі фізічная, але і духоўная. Не згадзіцца з гэтым нельга. Маршрут велапаходу праходзіў праз найпрыгажэй-шыя мясціны нашай сінявокай краіны. Аптымалісты пабывалі ў Паўночных Афінах – вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, дзе жыў і працаваў дыпламат і кампазітар, аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай” Міхаіл Клеафас Агінскі. Калісьці ў Залессі шумелі балы і прыёмы, а стаць госцем Паўночных Афін было вельмі ганарова. Сёння тут разме-шчаны філіял Рэспубліканскага музея гісторыі тэатра і музыкі, музей-сядзіба М. К. Агінскага. На запаветнай тэрыторыі знаходзяцца часоўня, камень памяці кампазітара. У Залессі аптымалістам нават пашчасціла пабываць у ролі акцёраў. Кінастудыя “Беларусфільм” здымала ў старадаўнім мястэчку шматсерыйны фільм “Немец”. Наступны прыпынак турысты зрабілі ў вёсцы Белай, дзе ўзведзены помнік ахвярам усіх войнаў. На Смаргоншчыне аптымалісты наведалі Кушляны. Гэта назва шмат скажа прыхільнікам беларускай літаратуры. Мясціны захоўваюць памяць пра Францішка Багушэвіча. Музей размешчаны ў рэканструяваным доме пісьменніка, які ён пабудаваў у 1896 годзе і дзе ён правёў апошнія гады свайго жыцця. Сёння адноўлены дзве комнаты – гасціная і кабінет. У літаратурнай экспазіцыі прадстаўлены дакументы, першыя зборнікі вершаў, фотаздымкі. Прыемна было прайсціся па прыгожым старым парку і каштанавай алеі, большасць дрэваў тут былі пасаджаны рукамі паэта. Да нашых дзён захавалася бяседка. У музеі ўдзельнікі велапаходу на свае вочы пабачылі незвычайны камень. Ля яго паэт складаў вершы, тут жа і хаваў створанае, бо на роднай мове ў той час пісаць было забаронена. На гэтым камні пасля смерці аўтара “Дудкі беларускай” прыхільнікі яго творчасці і мясцовыя жыхары – простыя сяляне, якім творца аказваў дапамогу як адвакат, зрабілі надпіс. Пасля Кушляноў аптымалісты накіраваліся ў бок невялікага пасёлка Крэва. Шмат стагоддзяў таму гэта быў вялікі горад, велічна ўзвышаўся княжацкі замак. У 1385 годзе тут была падпісана Крэўская ўнія – саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай. Першая сусветная вайна паставіла крыж на слаўнай гісторыі горада. Праз Крэва праходзіла лінія фронта. Замак і сам горад былі знішчаны. Руіны Крэўскага замка, царква Аляксандра Неўскага, касцёл Дзевы Марыі, руіны сінагогі – далёка не поўны спіс помнікаў архітэктуры гэтага пасёлка, якія пабачылі ўдзельнікі велапаходу. Маляўнічы пейзаж адкрыўся аптымалістам з Юравай гары, былога язычніцкага капішча. Далей шлях ляжаў у Гальшаны. Мясцовы замак, авеяны мноствам паданняў, праславіў Ул. Караткевіч у сваім рамане. Што ж за  легенду хаваюць руіны зам-ка? Гісторыя з прывідам адносіцца да 1618 года, калі Сапега прыказаў дабудаваць да касцёлу манастыр для ордэна Св. Францыска. Калі рашэнне было прынята, у замку з’явіліся будаўнікі. Яны ўзвялі тры сцяны, а чацвёртая заўсёды развальвалася. Гэта выклікала гнеў князя, бо хутка павінны былі прыехаць манахі. І тады муляры пакляліся, что першую жанчыну, якая прынясе ежу на будоўлю, яны замуруюць у гэтую сцяну. Першай абед прынесла жонка маладога муляра, які ў той час у касцёле маліўся, каб яго сям’ю абышоў бокам гэты жах, але.. Дзяўчына была замуравана, сцяна не абвалілася, і ў манастыры загучалі песнапенні францысканцаў. З тых часоў у манастыры многія людзі бачылі жанчыну ў белым адзенні, Белую Панну, а пад час рэстаўрацыі ў падзямеллі быў знойдзены чалавечы скелет, замураваны ў сцяну… Узрушаныя пачутым і ўбачаным, турысты рушылі ў дарогу. Наперадзе чакала Налібоцкая пушча – самы вялікі лясны масіў у Беларусі і ва ўсёй Усходняй Еўропе. Налібоцкі край – гэта і радзіма Фелікса Дзяржынскага. Па фотаздымках і чарцяжах была адноўлена яго сядзіба, у якой сёння размешчаны музей.

Вось так насычана жывуць аршанскія аптымалісты, якія ўпэўнены: калі на вашым твары ззяе ўсмешка, усё негатыўнае, а таксама хваробы і шкодныя звычкі пакінуць вас. Трэба вучыцца радавацца жыццю – добраму надвор’ю, сустрэчам з цікавымі людзьмі, знаёмству з новымі мясцінамі. Звычка настройваць сябе на станоўчае ўспрыманне свету дарыць здароўе, а гэта самае каштоўнае для нас з вамі.

Марына СЯМАШКА

Добавить комментарий