У аршанскім падполлі. Клятва на вернасць

Падрыхтоўку да падпольнай работы камуністы Оршы пачалі задоўга да акупацыі горада. Ужо к пачатку ліпеня на выпадак заняцця фашыстамі тэрыторыі раёна былі зацверджаны кандыдатуры кіраўнікоў падпольнай барацьбы, складзены спісы будучых байцоў нябачнага фронту.

У раёне пасёлкаў Арэхаўска і Асінторфа ў лесе былі аснаваны базы Аршанскага падполля. Тут стварылі некаторы запас зброі, харчовых прадуктаў, абсталявалі часовае жыллё. За кожнай з баз быў замацаван пэўны лік ініцыятыўных груп, узначальваемых выпрабаванымі на сталасць і бясстрашша патрыётамі, якія павінны былі кожная ў сваёй зоне дзеянняў уцягваць у актыўную падпольную і партызанскую барацьбу шырокія масы рабочых, калгаснікаў, інтэ­лігенцыі.

…Ішлі кровапралітныя баі за Оршу, пад націскам незлічоных азвярэлых банд гітлераўцаў, моцна ўзброеных танкамі і самалётамі, нашы войскі адыходзілі на ўсход. А ў гэты час у лесе ля Асінторфа на партыйны сход сабраліся тыя, хто павінен быў скласці ядро падполля, быць яго душой і розумам, арганізатарам і натхніцелем народнай барацьбы з карычневай чумой.

Сход праводзіў член райкома партыі, былы ды­рэктар Смалянскай МТС Лявон Нікіфаравіч Анкіновіч.

Вось ён падняўся, стройны, падцягнуты, з суровым выразам твару, крыху бледнаваты, але ўпэўнены, сканцэнтраваны на нейкай адной думцы.

– Таварышы! – голас Анкіновіча спачатку гучэў крыху прыглушана, з адценнем вялікай чалавечай журбы і стомленасці, але тут жа ён акрэп, падужэў, засланяючы сабой і шум лесу, і гоман птаства, і гул даносіўшайся кананады. – Настаў час нам, камуністам Аршаншчыны, паказаць сваю адда­насць партыі, Радзіме, народу. Льецца кроў жанчын і дзяцей, палаюць вёскі і нівы з вырашчаным нашымі рукамі ўраджаем, пракляты карычневы звер пасягае на нашу свабоду, на наша жыц­цё. Дык няхай жа бярозавыя крыжы ўзнімуцца на магілах заваёўнікаў, няхай наш гнеў і наша боль не даюць ім спакою ні днём, ні ноччу! Паклянёмся сваім жыццём і партыйным сумленнем не шкадаваць сваёй крыві для барацьбы з галаварэзамі.

– Клянёмся!..

Адзін за адным выступаюць Адам Мікітавіч Гурын, Леанід Іларыёнавіч Красноўскі, іншыя ўдзельнікі сходу. Яны адзіныя ў сваіх поглядах, у сваім высакародным парыве помсціць ворагу.

Апошні інструктаж, апошнія настаўленні. Барацьба небяспечная, вораг люты і хітры, і кожнаму трэба стварыць надзейную сістэму явак, тонка паставіць службу сувязных, улічваць кожны крок сваіх дзеянняў.
Камуністы схіляюцца над картай.

– Вось тут будзе знаходзіцца штаб, тут вы і шукайце мяне, – гаворыць Анкіновіч і паказвае мясцовасць вакол вёскі Крашына. – Вам, Адам Мікітавіч, – ён звяртаецца да Гурына, – зона дзеянняў добра вядома. Накіроўвайцесь у вёску Шыбекі. Вам, таварыш Красноўскі…
Так адбылася гутарка з кожным паасобку. “Ці давядзецца вось так, як зараз, сабрацца разам?” – думалі камуністы, накіроўваючыся ў дарогу. На развітанне моцна абняліся і без доўгіх размоў разышліся, хто куды.

(Працяг будзе).
Падрыхтавала
В. Мільто.

(«Ленінскі прызыў», № 149 (10.127), 21 кастрычніка 1966 года)