Мальвы

Гэта звычайная сядзіба па вуліцы Красіна, 23, што ў раёне “Заходняя”, звяртае на сябе ўвагу шматлікай рознакаляровай кветкавай палітрай, сярод якіх вылучаюцца пяшчотныя мальвы, і двумя прыветнымі гаспадынямі (на здымку). Маладзейшая з іх, Ганна Іванаўна Сіўцова, патэлефанавала ў рэдакцыю, запрасіўшы падзівіцца на яе калекцыю мальваў.

Пры сустрэчы высветлілася, што Ганна Іванаўна ў мінулым тры дзесяцігоддзі працавала ў сістэме “Белпошта” і ў свой час была адзначана рэдакцыяй “Аршанскай газеты” як лепшы начальнік аднаго з аддзяленняў сувязі па афармленні падпіскі на газету. Апрача любімай “Аршанкі”, якой яна захоўвае вернасць вось ужо на працягу 40 гадоў, Ганна Іванаўна выпісвае часопіс “Гаспадыня” і газету “Сябар пенсіянера”.

Любоў да кветак у гэтым доме традыцыйная. “Які ж двор без кветак?” – здзіўляецца Ганна Іванаўна, і з ёй нельга не пагадзіцца. Разам з тым, Ганна Іванаўна вылучае яшчэ адну важкую для сям’і акалічнасць: такім чынам ёй з матуляй, Надзеяй Васільеўнай, якая праз тыдзень адзна­чыць свой восемдзесят дзявяты дзень нараджэння, узгадваецца малая радзіма, родная Брэстчына. Там, у Пружанскім раёне, кветкі вырошч­ваюць каля кожнай хаты. Перад сеткавым плотам з боку вуліцы чырванеюць бархатцы, якія нібы аздоблівае роўна скошаны дыванок траўкі. А на ўчастку – роўненькая і шырокая палоска мальваў, акуратна падвязаная да плота. Ружовыя і вішнёвыя, бэзавыя, жаўтлявыя і амаль чорныя, яны калышуцца пад лёгкім ветрыкам, а вакол шаўковых пялёсткаў па-гаспадарску снуюць гудлівыя чмялі.

Жадаючых вырошчваць некапрызныя кветкі хапае. Ганна Іванаўна ахвотна дзеліцца раслінамі, стараючыся даць кожнаму не насенне, а аднагадовую расаду, якая ўжо на будучы год будзе радаваць вока працяглым перыядам цвіцення. Захапленне кветкамі не адзіны занятак жанчыны. З адабрэння матулі Ганна Іванаўна пачала вышываць, але не кветкі, а птушак і звяроў. Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі пад прыемнае патрэскванне дроў у грубцы наша падпісчыца бярэ чацвярговы нумар “Аршанскай газеты” з красвордам ці сканвордам і пачынае “разумовы” паядынак.

Размова з гэтымі жанчынамі неяк сама па сабе навеяла спакой і адчуванне асаблівай блізкасці з прыродай. Напэўна, менавіта таму да гаспадынь і звяртаюцца людзі з жаданнем набыць прыгожыя мальвы, якія дораць незабыўныя хвіліны ўтульнасці і цяпла бацькоўскай хаты.

Ліна Гатоўская.
Фота аўтара.

Добавить комментарий