КВІТНЕЙ І ПРЫГАЖЭЙ, НАШ АГРАГАРАДОК!

Свята вёскі – традыцыйнае мерапрыемства на Аршаншчыне і, бадай, адно з самых любімых сярод сельскіх жыхароў. Звычайна на такіх мерапрыемствах прынята падводзіць вынікі работы сельсавета за год. Што зроблена па добраўпарадкаванні, у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, якіх асабістых поспехаў вяскоўцы дабіліся за гэты час.

Не так даўно жыхары аграгарадка Смальяны і вёскі Паркавая сабраліся на плошчы перад мясцовым сельскім Саветам, каб прыняць удзел у мерапрыемстве, прысвечаным Дню вёскі. Тут быў арганізаваны святочны канцэрт, выстава сельскагаспадарчых дасягненняў жыхароў аграгарадка. Самы актыўны ўдзел прынялі выхаванцы і калектыў мясцовага дзіцячага садка, вучні і педагогі школы,а кіраўніцтва УСГП “Смальяны” паклапацілася аб падарунках.

Разам з жыхарамі Смальян радасць свята падзяліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Станіслаў Кошкін, які прыехаў не толькі павіншаваць, але і ўручыць граматы пераможцам спаборніцтваў па добраўпарадкаванні прысядзібнага ўчастка “Лепшы падворак”. Падчас узнагароджання граматамі райсавета пераможцаў – гаспадароў сядзіб Мікалая Іванавіча і Людмілу Мацвееўну Лаўрушкіных і Уладзіміра Леанідавіча і Ніну Аляксееўну Камаровых, Станіслаў Дзмітрыевіч (на здымку) правільна зазначыў: “Калі ў аграгарадку стане больш узорных дамоў і прысядзібных участкаў, стануць падцягвацца і астатнія, бо прыгажосць заўсёды прываблівала людзей”.

Аб дасягненнях і поспехах за апошні год гасцям свята расказала старшыня мясцовага сельскага Савета депутатаў Галіна Карпушонак. Так, у снежні 2010 года сям’я Наталлі і Уладзіміра Каросцікаў заняла першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе “Лепшы маладзёжны падворак”. Летам у Смальянах праходзіў рэспубліканскі мастацкі пленэр. У верасні сям’я Рабавых прымала ўдзел у абласным конкурсе “Уладар сяла”. А таксама былі падведзены вынікі конкурсу па добраўпарадкаванні і вызначаны пераможцы. У намінацыі “Дом узорнага парадку” адзначаны граматай сельсавета, падарункам Вячаслаў Міхайлавіч і Валянціна Віктараўна Паспешныя, у намінацыі “Лепшы кветнік” – Алена Мікалаеўна Мацвеева (в. Паркавая), Святлана Леанідаўна Картавенка, Эма Мікалаеўна Тарасенка, Аксана Міхайлаўна Усачова, Алена Васільеўна Залеская, Наталля Сяргееўна Хмылова, Святлана Рыгораўна Мяжэвіч. У намінацыі “Лепшы падворак” узнагароджаны Анатоль Уладзіміравіч Мірановіч, Фёдар Фёдаравіч Сойка, Алег Мікалаевіч Ярэмкіў, Людміла Барысаўна Рабава, Міхаіл Елісеевіч Шумякоў, Вячаслаў Міхайлавіч Паспешны. За арыгінальнае рашэнне ў добрапарадкаванні падворнай тэрыторыі быў адзначаны прызам Павел Мікалаевіч Шман.

На свяце былі названы і пераможцы спаборніцтваў на самы шматлікі падворак. Гэта Таццяна Сяргееўна Жабіцкая, Наталля Мікалаеўна Жураўская, Таццяна Ула­дзіміраўна Пліско, Валерый Аляксеевіч Бухавец, Валерый Міхайлавіч Сініцын, Аляксей Іванавіч Манькоўскі, Алена Васільеўна Таргонская. Ва ўсіх гэтых гаспадароў вялікая колькасць птушак, трусоў, ёсць каровы, цяляты, коні, парсюкі.

Прызы атрымалі і тыя, хто выгадаваў на сваіх агародах веліканаў. Рэкорд Таісы Іванаўны Гаранец – гарбуз вагой 49,8 кг, Ірыны Паўлаўны Мірановіч – капуста 9,8 кг, вялікія морква і буракі ў Алены Мікалаеўны Мацвеевай і Людмілы Анатольеўны Кузняцовай, перац – у Галіны Аляксандраўны Шыла, бульба – у Наталлі Аляксандраўны Каросцік. Спецыяльны прыз уручаны Дзіме Швядко за незвычайную капусту. За работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Марына Анатольеўна Кульган таксама адзначана кіраўніцтвам сельсавета.

На свяце вёскі пастараліся ўзгадаць усіх мясцовых жыхароў, якія праслаўляюць малую радзіму і на якіх неабходна раўняцца іншым аднасяльчанам.

Настасся Турок.

Фота аўтара.

Добавить комментарий