Вясновая вясёлка ад аршанскіх майстроў

…заззяла ў этнаграфічным музеі “Млын”. У выставачнай зале прадстаўлена больш за 200 работ майстроў і навучэнцаў гурткоў па вышыўцы, бісерапляценні, вязанні Аршанскага Дома рамёстваў. Тут і традыцыйныя беларускія матывы, і сучасныя сувенірныя вырабы. Прыхільнікі народнага мастацтва змогуць не толькі паглядзець на цудоўную выставу “Поделки-проделки тутошних фей”, але і набыць некаторыя з экспанатаў.

Гісторыя Аршанскага краю налічвае шмат вякоў. За гэты час наш таленавіты народ стварыў багатую і самабытную культуру, у нас ёсць адметныя традыцыі, звычаі і абрады. Народная творчасць папулярна заўсёды, сёння забытыя традыцыі зноў адраджаюцца. Лепшае пацвярджэнне таму – экспазіцыя ў “Млыне”.

“Выстава дазваляе акунуцца ў выдатны свет беларускіх рамёстваў, – зазначае старшы навуковы супрацоўнік Аршанскага этнаграфічнага музея “Млын” В. Навойкава. – Глыбокае пранікненне ў нацыянальную тэму, веданне народных традыцый, майстэрства, уменне ствараць і мысліць нестандартна аб’ядноўваюць разнастайныя па каларыце творы, выкананыя ў самых розных тэхніках”.

Народная вопратка, вышытыя крыжыкам ручнікі, тэкстыльныя куклы Цільды, каваныя падсвечнікі, шкатулкі з дрэва і скуры, кулоны з бяросты і дрэва, аб’ёмныя карціны, вышытыя пацеркамі і крыжыкам, ільняныя сумкі… – у кожнай рабоце цеплыня рук і сэрца майстра. Ад работ Л. Сакаловай і Л. Салдаценкі – вышываных пацеркамі абразоў – вее спакоем і дабрынёй. Яркімі сакавітымі фарбамі прыцягваюць да сябе ўвагу кветкі і ягады, таксама вышываныя. Так і хочацца адчуць смак спелых вішняў! Настолькі прывабна і натуральна яны выглядаюць. Сапраўдным упрыгажэннем любой кватэры стануць прывабныя фотарамкі. Нельга не здзівіцца, якія толькі матэрыялы не выкарыстоўваюць майстры: і скура, і тканіна, і гузікі, і марскія ракавінкі, і каменьчыкі… Добрымі падарункамі ста­нуць шкатулкі і набор для піцця з бяросты і каменя, упрыгожаныя вытанчанымі ўзорамі.

У кожным творы – адвечнае імкненне народа да хараства, жаданне тварыць яго сваімі рукамі, дзяліцца майстэрствам з іншымі. Творчасць удзельнікаў гуртка сведчыць аб тым, што забытыя рамёствы сёння адраджаюцца, набываюць другое жыццё.

Марына СЯМАШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий