ЧАС ЗБІРАЦЬ КАМЯНІ…

У пошуках святыні

Пасля вайны навукоўцы, згадваючы пра выдатны помнік эпіграфікі, абыходзілі факт яго наўмыснага знішчэння маўчаннем. Вядомы расійскі археолаг Леанід Аляксееў, які доўгі час вывучаў старажытны Друцк, пісаў, што рэшткі Рагвалодава каменя былі выкарыстаны для пабудовы ўжо згаданай магістралі. Ёсць, праўда, згадкі ў краязнаўчай літаратуры, што асобныя кавалкі святыні трапілі ў падмуркі жылых ды гаспадарчых пабудоў навакольных вёсак. Праўда, ніводзін з іх пакуль не выяўлены.

Некалькі гадоў таму аўтар гэтых радкоў паспрабаваў пашукаць “сляды” святыні. Пагутарыў тады з доўгажыхаркамі вёскі Дзятлава. Марыя Карпаўна Новікава аказалася роднай пляменніцай таго самага Рамана Палагоўскага. “Калі рыхтавалі друз, – сведчыла яна, – узрывалі камяні ў кар’еры, аж шыбы дрыжэлі ў вокнах. А царкву перавезлі спачатку ў Дзятлава, у ёй быў клуб, а сцэну зрабілі, дзе раней быў алтар. Потым зруб перавезлі ў вёску Галошаўка (цяпер Талачынскага раёна – В. Л.), дзе прыстасавалі пад жыллё нейкім пагарэльцам. Яшчэ 20 гадоў таму дом той быў цэлы. Але рэшткаў каменя не бачыла”. На жаль, і зруба таго ўжо няма.

Занатаваў тады і ўспаміны 90-гадовай Еўдакіі Гаўрылаўны Давыдзенкі. Неаднойчы была яна ў тым невялікім, але ўтульным храме. Памятае, што Рагвалодаў камень быў абнесены невысокай металічнай агароджай, якую ўпрыгожвалі ручнікамі. А ў дзень прастольнага свята з’язджаліся сюды вернікі з Оршы, Шклова, Коханава, навакольных вёсак. Калі царква была ўжо зачынена, у вакенца пралез Сёмка, жвавы і рухомы хлопчык 8-мі гадоў. Ці яму хто параіў, або сам дадумаўся выкалаць вочы святым на абразах. Праз некалькі месяцаў, як раз на Спаса, ён быў задушаны вупражжу – конь чамусьці падбрыкнуў. “Бог пакараў”, – казалі тады людзі.

Марыя Іванаўна Грачыха (1924 г. н., на здымку), бадай, адзіная на сённяшні дзень жывая сведка тых падзей: “Узрывала камень брыгада зняволеных –“турэмшчыкаў” (відаць, з аршанскай турмы – В. Л.). Іх нават прыводзілі мыцца ў нашу лазню. Калі ўзрывалі камень, то таго зэка, што падкладваў узрыўчатку, смяротна параніла (ці то праўда, ці ўжо легенда? – В. Л.). А яшчэ памятаю, што побач з царквой біла крыніца, вада ў ёй была такая смачная, што п’еш, не нап’ешся”.

Пра месца, дзе ляжаў камень, даведаўся ад жыхара суседняй вёскі Лісуны, сувязіста Рамана Чарліна, чалавека апантанага і вельмі дасведчанага ў мінулым родных мясцін. Напачатку 1990-х гадоў ён вырашыў саматужна заняцца піваварэннем. А для піва патрэбна адпаведная вада. Вось яе і пачаў шукаць. Некалькі крыніц б’юць у вялікай, паросшай хмызняком лагчыне, што цягнецца да вёскі Дзятлава.

(Продолжение статьи читайте в «Аршанскай газете» №9 за 26 января 2013 года).

В. Лютынскі,

выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-

эканамічнага каледжа.

 

Добавить комментарий