Как праздновать Масленицу: история и рецепты

З 28 лютага па 6 сакавіка беларусы будуць святкаваць Масленіцу. Лічылася, калі ў гэты тыдзень напячы бліноў больш за ўсіх, то ў хаце “паселіцца” шчасце.

Раней Масленіца адзначалася ў гонар бога Вялеса – ахоўніка жывёлы і багацця на падворку. Вялес на працягу года зберагаў статак, надаваў яму сілу, клапаціўся пра павелічэнне, таму свята Сырнай седміцы было ўрачыстай па­дзякай богу-ахоўніку.

Кожны дзень тыдня мае сваю назву: Сустрэча, Заляцанне, Ласуха (Пералом), Шырокі, Цёшчыны вячоркі, ­Залвіціны вячоркі, Развітальны (Даравальны) дзень. На Віцебшчыне на працягу першых масленічных дзён сем’ямі наведвалі сваіх “павівальных бабак”. Унукі разам з бацькамі прыносілі бабулі вялікі пірог і яе дзецям па маленькаму піражку. На наступны дзень бабка наведвала сваіх дзяцей і ўнукаў, дзе яе таксама частавалі. Таксама ў нашым краі на першы дзень Масленіцы з вечара жанчыны хадзілі праведаць маладуху, якая нядаўна выйшла замуж. Дзяўчына выходзіла на вуліцу і частавала гасцей абаранкамі, сырам, тварагом і іншым. У першыя дні Масленкі мясцовыя зацейнікі, сустрэўшы на вуліцы хлопцаў, якія доўга не жаніліся і вельмі пераборліва ставіліся да дзяўчат, прывязвалі ім да нагі калодку – абрубак дрэва ў наказанне за такі “грэх” або спявалі пад вокнамі песні-дражнілкі. Такая ж “доля” чакала і дзяўчат, бацькі якіх занадта перабіралі сватоў. За гэта “віноўнікі” мусілі адкуплівацца пачастункам ці грашыма.

Калі ў першыя тры дні сяляне яшчэ займаліся гаспадаркай, то з чацвярга працаваць забаранялася – пачыналася Шырокая Масленіца. Да нашага часу ў розных мясцовасцях Беларусі масленічны чацвер называецца “Воласам” або “святым Уласам”. Жанчыны з самага ранку рыхтавалі багатую страву са свініны і ялавічыны, пяклі аржаныя, аўсяныя ці ячныя бліны. Выпякаўся цэлы стос бліноў, першы з якіх яшчэ цёплым клалі на дахавае акенца для продкаў і казалі: “Вось вам, бацька і матка, блін”.

Прызначалася гэта для продкаў, душы якіх наведвалі ў гэтыя дні свае хаты. Масленічны чацвер быў вельмі адказны і для гаспадара. Толькі на святога Уласа трэба было аб’язджаць маладых коней. Хлопцы і дзяўчаты ладзілі арэлі і імкнуліся раскачацца на іх як мага вышэй, бо казалі так: “Гэта гойдаюцца для таго, каб на той год рос лён доўгі і моцны”.

Заканчвалася Масленіца ў нядзелю. Спальвалі чучала, якое рабілі з саломы. Абрад сімвалізаваў сабой развітанне з зімой і сустрэчу доўгачаканай вясны. Усё непатрэбнае і варожае павінна было застацца за парогам старога года. Вечарам на стол ставілі толькі малочныя стравы, галоўнае месца займалі сыр, масла і тварог з малаком. Людзі развітваліся з вясёлымі святамі, настройвалі сябе на новы працяглы пост. Заканчвалася вячэра абрадам развітання і ўсеагульнага прашчэння, даравання.

З Масленіцай звязана шмат іншых розных “магічных” ­дзеянняў, якія мелі глыбокі сэнс і былі накіраваны на ажыццяўленне самых лепшых спадзяванняў і надзей. Каб шчодрым вырас ураджай, каб у сям’і панавалі лад і дабрабыт, каб жыццё працягвалася ў дзецях і ўнуках. І, безумоўна, каб хутчэй прыйшла вясна…

Падрыхтавала
Марына СЯМАШКА.

Добавить комментарий