Школьная рэспубліка

юныя шкаляры

“Жыццё – гэта не тое, што ты пражыў, а тое, што ты зрабіў”.

Кіруючыся гэтай народнай мудрасцю, ва  УА “Запольскі ДВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа” менавіта такім чынам будуюць выхаванне падрастаючага пакалення. Педкалектыў школы  пад кіраўніцтвам вопытнага педагога  Валянціны Васільеўны  Іўко стварыў тут сістэму навучання, якая максімальна набліжае кожнага вучня да рэальных спраў у  прыродаахоўчай і працоўнай дзейнасці.

Пра экалагічны накірунак дадзенай установы адукацыі  наша газета неаднойчы ўжо расказвала на сваіх старонках, змяшчала  фотаздымкі прыгожых кампазіцый з поліэтыленавых бутэлек, якім школьнікі надавалі другое жыццё. У праграме навучання ёсць спецкурс “Асновы экалогіі”. Дзякуючы набытым праз яго  ведам, а таксама тэмам курса “Біялогія з асновамі  сельскагаспадарчай вытворчасці” юныя сяльчане  з поспехам замацоўваюць атрыманую тэорыю  на практыцы.  Прышкольны ўчастак памерам паўтара гектары, на якім знайшлося месца і двум дзясяткам маладзенькіх яблынь, дзякуючы клопату вучняў і настаўнікаў заўсёды прыносіць выдатны ўраджай. Толькі сёлета тут сабрана 2 тоны агародніны на суму 1 млн. 645400 рублёў. Асноўная частка сабранага ўра-джаю закладваецца ў сховішча, частка пераапрацоўваецца, каб дзеці з восені да новага ўраджаю  штодзень ужывалі  ў школьнай сталовай  вітамінную прадукцыю ўласнай вытворчасці. Дзякуючы ўмелым рукам і майстэрству повара Галіны Парфёнаўны Дамакуравай ужо чацвёрты год запар з тых дзесяці, што яна тут працуе, школьны харчблок займае ў раённым конкурсе на лепшую школьную сталовую першае месца. Дарэчы, для рабят з садка трохразовым гатаваннем ежы займаецца асобны повар, спецыяліст з амаль трыццацігадовым вопытам – Наталля Якаўлеўна Гарбацэвіч. Лішкі агародніны  па таннай цане рэалізуюцца мясцовым жыхарам. Тыя, у сваю чаргу, а сярод сяльчан, безумоўна ж,  бацькі  вучняў, работнікі мясцовага СВК “Заполле-Агра”, сёння аграгарадка, ахвотна  дапамагаюць рабятам у зборы металалому і макулатуры, у апрацоўцы ўчастка і вырашэнні іншых  жыццёва неабходных задач. Напэўна, з улікам такой трывалай сувязі “Сям’я. Школа. СВК” установа адукацыі заўсёды выконвае план платных паслуг.  Адметна, што на базе  ўстановы адукацыі праводзіўся абласны семінар, метадычныя  аб’яднанні, выязное пасяджэнне райвыканкама. Часта школу, як, дарэчы, і ўсе астатнія  школьныя і дашкольныя ўстановы раёна, наведваюць  старшыня Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Міхайлавіч Дзедушкін і начальнік раа Аляксандр Рыгоравіч Размова. Яны цікавяцца станам спраў, абавязкова ўдакладняюць, ці патрэбна дапамога з боку райвыканкама.

Утульная двухпавярховая  школа – нібыта вялікі густанаселены дом, дзе пражывае дружная, працавітая сям’я. На працягу ўрока настаўнікі  маюць магчымасць праверыць хатняе заданне, даць кожнаму з вучняў прадугледжаны вучэбным планам  мінімум ведаў і праверыць, як яны засвоіліся, бо класы самі па сабе невялічкія – па 6-10 вучняў. Мяркую, гэта вельмі важна, таму што прысутнічае немалаважны для  работы  педагога кампанент: індывідуальнае навучанне. Як правіла, рабяты вучацца сумленна, добра ўсведамляючы, што  работнік  народнай гаспадаркі, у тым ліку сучаснага  высокатэхналагічнага  аграпрамысловага комплексу, а працаваць у родных мясцінах  застаецца большая частка   выпускнікоў, павінен у дасканаласці ведаць многія навукі.  Валянціна Васільеўна  гаворыць пра гэта з гонарам. Яе бацькі ўсё жыццё пражылі ў  вёсцы з прыгожай назвай Азярок. Матуля Ева  Пятроўна працавала жывёлаводам, бацька, франтавік Васіль Міхайлавіч, быў чыгуначнікам. І хаця з траіх дзяцей  сям’і Муханавых толькі Валянціна Васільеўна засталася ў сельскай мясцовасці, браты  Анатоль і Віктар таксама сталі паважанымі  ў грамадстве людзьмі. Анатоль Васільевіч працуе  начальнікам станцыі Орша, а Віктар Васільевіч – інжынер  аўтабазы ў Наваполацку. Прафесія настаўніцы для Валянціны Муханавай была прыцягальнай з ранняга дзяцінства. Думаю, ніхто не стане аспрэчваць, што  самымі паважанымі людзьмі  на вёсцы спрадвеку лічыліся прадстаўнікі інтэлігенцыі – настаўнікі і ўрачы. Зразумела, што да здзяйснення  сваёй мары дзяўчына ішла ўпарта і мэтанакіравана. Стараста класа, важатая, камсорг… Дзякуючы аднаму з першых і самых любімых настаўнікаў Парфірыю Яфімавічу  Дзерваеду яна абрала спецыялізацыю “Нямецкая мова”. Добрую памяць захавала і пра сям’ю настаўнікаў Салтановічаў: дырэктара школы, гісторыка Васілія Сцяпанавіча і яго жонку – філолага Тамару Фёдараўну. Нібы азіраючыся на пройдзены настаўніцкі шлях у 37 гадоў, з якіх 27 год на пасадзе дырэктара, Валянціна Васільеўна з лёгкім смуткам канстатуе: гады праляцелі, нібы чарада  птушак…

юныя шкаляры са сваім дырэктарам

Актыўнае жыццё школы-садка характарызуецца, перш за ўсё, поспехамі ў вучэбна-выхаваўчым  працэсе і пазакласнай дзейнасці. Хочацца адзначыць, што  апрача заняткаў тут дзейнічае шмат разнастайных факультатываў,  тры разы на тыдні працуе філіял  Межаўскай музычнай  школы. Дырэктар называе прозвішчы рабят, удзельнікаў міжнароднага  конкурсу “Лінгвісцяня”, заняўшых у намінацыі  “Замежная  мова”  адпаведна  першае, другое і трэцяе месцы: Сняжана Хлусевіч, Вераніка Дзярнова і Вераніка Петракова. Дарэчы, Вераніка Петракова і Дзіяна Атрашкевіч адзначаны і ў конкурсе  вершаў, прысвечаных 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. З нагоды юбілею пісьменніка ў школе быў праведзены ты-дзень  славутага земляка. Сярод выпускнікоў, якія  ў апошнія гады  абралі прафесію педагога, Юля Крышкевіч і  Вольга  Клачкова. Бясспрэчна: на выбар дзяўчатамі прафесіі зрабіла ўплыў  асоба дырэктара і яе памочнікаў – намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці Веранікі Адзікаўны Габлеевай і загадчыцы прышкольнага  участка  Алены Аляксееўны Масальскай. Няўрымслівы калектыў настаўнікаў і тэхнічнага персаналу штодзень   ператварае ў жыццё наканаванае  прашчурамі і ўзведзенае патрабаваннямі часу  ў форму пастулата: “Зрабіць родную зямлю працвітаючай”. Доказам таму – жыццядзейнасць Валянціны Васільеўны Іўко і яе зладжанага калектыву школы-садка ў аграгарадку “Заполле-Агра”.

Ліна ГАТОЎСКАЯ

Добавить комментарий